Лукашэнка: Адна з прычын кадравых перастановак ва ўрадзе — п’янства
Адной з прычын кадравых перастановак ва ўрадзе і сярод кіраўнікоў прадпрыемстваў з’яўляецца п’янства, заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня, прымаючы кадравыя рашэнні.
„Я працягваю маніторыць і адсочваць сітуацыю пасля абнаўлення ўрада, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Хачу сказаць, што гэта яшчэ не канец. Мы яшчэ вернемся да шматлікіх службовых асоб, і не толькі ва ўрадзе, якія сёння не даюць вынік ці не працуюць па тых прынцыпах, якія вызначаныя мной. Публічна хачу сказаць пра недапушчальнасць п’янства. Мне сорамна было пра гэта казаць, але многія кіраўнікі, якіх я адправіў нядаўна, за каўнер закладвалі парадкам”.
„Я ж не кантралюю вас, з кім вы выпіваеце, з кім вы ў лазню ходзіце, з кім размаўляеце. На здароўе. Вы — кіраўнікі, вы павінны ўсё гэта ўмець. Але што тычыцца п’янкі, вы павінны ведаць сваю меру, вы павінны ведаць, з кім, дзе і колькі, як у народзе кажуць. Калі вы гэта пачуццё губляеце — вы не кіраўнік. І вось па гэтай прычыне нам прыйдзецца з некаторымі ў хуткім часе расстацца. Яны не разумеюць, дзе яны працуюць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
„І я гэта кажу не столькі нават для вас, а для жонак тых п’яніц, якія хутка застануцца без партфеля. Яны там усё гэта бачаць, але спыніць не могуць ці не хочуць. А потым, калі мужы губляюць партфелі, пачынаюць галасіць. А чаго галасіць? Да мяне прэтэнзій не трэба выстаўляць. Я адкрыта і сумленна сказаў пра свае прынцыпы і патрабаванні. Людзі гэта чулі. Прагаласавалі за прэзідэнта — будзьце ласкавыя прытрымлівацца гэтых прынцыпаў. П’яніца — гэта не кіраўнік. Калі ён сёння напіўся да страты пульсу, і гэта праз дзень або кожны дзень, ён назаўтра не працаўнік. Ён ходзіць і думае, як бы дзе пахмяліцца”, — сказаў Лукашэнка.
Ён заклікаў кіраўнікоў ведаць меру пры ўжыванні спіртнога: „Вы павінны ведаць, што мы на вачах у людзей. Яны нам не даруюць, калі мы памылімся нават у дробязях. Я не хацеў пра гэта раней казаць, таму што мне няёмка. Я не ўмею пра гэта казаць, таму што я чалавек практычна непітушчы”.
Некаторыя выпіваюць з нагоды і без нагоды, дадаў Лукашэнка. „І больш за ўсё — без нагоды, і забываюць пра працу. Нароўні з невыканаўчасцю, недысцыплінаванасцю вось гэты варыянт — п’янства — ён наогул непрымальны ў кіраўніцтве. Я не кажу пра тое, што ўсе святыя, і чарку не павінны ў руках трымаць. Я кажу пра п’янства і пра п’яніц. Іх у кіраўніцтве не будзе”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
„І я гэта кажу тым, хто ў інтэрнэце і сродках масавай інфармацыі пачынае пакутаваць, стагнаць і выбудоўваць, як я часта кажу, нейкую канспіралогію з нагоды замены тых членаў урада і некаторых службовых асоб, якія адбыліся”, — дадаў ён.
Фота Lenta.ru