Лукашэнка адправіцца на саміт АДКБ у Арменію
Аляксандр Лукашэнка паляціць у Арменію. Пра гэта паведаміла ягоная прэс-служба. Ён прыме ўдзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ. Запланавана пасяджэнне ў вузкім і пашыраным саставах.
Чакаецца, што будуць абмяркоўвацца актуальныя праблемы міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі, вынікі працы АДКБ.
«Удзельнікі саміту таксама разгледзяць шырокі пералік пытанняў, якія датычацца розных сфер і напрамкаў узаемадзеяння. З улікам пераходу старшынства ў АДКБ да Беларусі ў 2022-2023 гадах Аляксандр Лукашэнка агучыць прыярытэтныя напрамкі, на якіх у гэты перыяд трэба сканцэнтраваць сумесныя намаганні», — гаворыцца ў паведамленні.
Цікава, што прэс-служба Лукашэнкі не анансуе разгляд пытання аб сітуацыі на армяна-азербайджанскай мяжы. Хаця па выніках пазачарговай сесіі Савета калектыўнай бяспекі, якая адбылася 28 кастрычніка, было вырашана вярнуцца да гэтага пытання ў канцы лістапада.
Нагадаем, тады Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў прэм’ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна, літаральна адчытаўшы яго. Пазней ён яшчэ раз выказаўся на гэты конт. Яго словы ў Арменіі былі расцэнены як недружалюбныя.
Трэба адзначыць, што ўчора прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў, што ў ягонай краіны ў АДКБ больш сяброў, чым у Арменіі.