Лукашэнка адправіў у адстаўку міністраў прамысловасці і архітэктуры і будаўніцтва



Міністры прамысловасці Віталь Воўк і архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Чорны пазбавіліся пасад пасля нарады ў Аляксандра Лукашэнкі ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці 14 жніўня.

Як паведамляе тэлеканал АНТ, падчас нарады Лукашэнка даручыў унесці прапановы аб заменах ва ўрадзе. Даручана таксама знайсці замену старшыні Аршанскага райвыканкама Аляксандру Пазняку. Старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Шарстнёву абвешчаная строгая вымова „за абуральнае, безадказнае стаўленне да даручанай справы”.

„На гэтым тыдні ўнесці прапановы аб замене ўсяго кіраўніцтва ўрада, усёй верхавіны з рэзерву кадраў, які мною сфармаваны і ў вас знаходзіцца. Хопіць глядзець ім у рот, і яны будуць нам расказваць, як ім складана, як ім цяжка! У бухгалтэрыі закапаліся. Усіх да аднаго”, — заявіў Лукашэнка.

„Ён (Чорны. — БелаПАН.) сядзеў, не здолеў адрамантаваць дах, выканаўшы даручэнне прэзідэнта. Хто меў права адмяняць мае рашэнні? Прэзідэнт паставіў публічна перад народам, жалезабетонна задачу — вырашыць, і кропка. Усё трэба было кінуць сюды, каб паказаць, што прэзідэнт у краіне ёсць і ён кіруе краінай, калі ўжо на тое пайшло. А вы заняліся сабатажам”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

„Двігалёву і Засю (старшыня Дзяржкамваенпрама Алег Двігалёў і кіраўнік Савета бяспекі Станіслаў Зась. — БелаПАН.) — поўная службовая неадпаведнасць. Не паправяць да восені справу, не праінфармуюць мне па кожным прадпрыемстве — пойдуць туды ж. Усіх астатніх, адказных і іншых, я проста папярэджваю”, — сказаў на заканчэнне Лукашэнка.

Анатоль Чорны ўзначальваў Мінбудархітэктуры прыблізна пяць гадоў. Ён быў прызначаны на пасаду міністра 15 кастрычніка 2013 года. Віталь Воўк кіраваў Мінпрамам з 27 снежня 2014 года.

Як паведамлялася, афіцыйны лідар падчас сённяшняй нарады папракнуў чыноўнікаў у невыкананні яго даручэнняў па развіцці Аршанскага раёна. „Былі розныя пункты гледжання, але мы прынялі ўзгодненыя рашэнні. Ніхто не пярэчыў паўтара-два гады таму назад. Таму тым больш патрабую адказу на пытанне, чаму ўзгодненыя рашэнні, фармалізаваныя кіраўніком дзяржавы, не былі выкананыя? Ад удзельнікаў нарады патрэбныя аб’ектыўныя ацэнкі і канкрэтныя прапановы па пытаннях, якія патрабуюць вырашэння. Чаму праваленыя і не выкананыя даручэнні прэзідэнта? Іншых пытанняў я перад вамі не стаўлю. Не спрабуйце мне намаляваць прывабную карціну да 2025 і 2035 гадоў”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

13 жніўня кіраўнік дзяржавы падчас візіту ў Оршу публічна раскрытыкаваў Воўка, пагражаюць адправіць яго альбо ў турму, альбо працаваць на Аршанскі інструментальны завод.

belapan.by

Фота Lenta.ru