Лукашэнка афіцыйна запрошаны ў Брусель



Аляксандр Лукашэнка запрошаны на саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзіла крыніца ў Еўразвязе.

Паводле яе слоў, запрашэнні краінам — удзельніцам Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна) былі накіраваныя 6 кастрычніка.

„Запрошаны прэзідэнт Лукашэнка. Улады Беларусі павінны вырашыць і пацвердзіць узровень свайго ўдзелу. Можа спатрэбіцца некаторы час для атрымання адказаў на запрашэнне”, — сказала крыніца.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, на наступным тыдні Мінск наведае камісар ЕЗ па еўрапейскай палітыцы суседства і перамоў аб пашырэнні Еўрасаюза Ёханэс Хан, ён прывязе афіцыйнае запрашэнне для Беларусі на ўдзел у саміце УП.

Папярэдні саміт Усходняга партнёрства адбыўся ў маі 2015 года ў Рызе, Беларусь на ім прадстаўляў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Тады арганізатары саміту па дыпламатычных каналах далі Мінску зразумець, што прысутнасць Лукашэнкі ў Рызе непажаданая.

Варта таксама адзначыць, што на той момант беларускі кіраўнік знаходзіўся ў спісе персон, неўязных у ЕЗ. Аднак у лютым 2016 года ЕЗ зняў з Беларусі большасць санкцый, у тым ліку і візавых. Такім чынам, цяпер няма фармальных прычын для няўдзелу Лукашэнкі ў брусельскім саміце Усходняга партнёрства.

Сустаршыня стваранай партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі адзначае, што нават калі кіраўнік дзяржавы ўрэшце прыедзе ў Брусель, то толькі з мэтай “папіярыцца”.

“Практычнага выніку гэтая паездка не прынясе”, – мяркуе палітык:

– Я думаю, Аляксандр Лукашэнка хутчэй за ўсё не прыедзе на саміт. І магчыма паўторыцца сітуацыя, калі запрашаюць не запрашаючы. Гэта значыць, што афіцыйнае запрашэнне можа прыйсці, але праз дыпламатычныя каналы камунікацыі можа быць сказана, што мусіць паехаць хтосьці іншы, напрыклад, Макей. Я думаю, што  ў цяперашняй сітуацыі на саміт „Усходняга партнёрства” Лукашэнку няма мэтазгоднасці ехаць. У Еўразвяза няма нічога новага, што яны могуць яму сказаць. Як і ў Аляксандра Лукашэнкі няма нічога новага, што ён можа сказаць Еўразвязу. 

Прыгадаем, што папярэднія чатыры саміты “Усходняга партнёрства” прайшлі без удзелу Аляксандра Лукашэнкі. Еўразвяз, які ўвёў санкцыі супраць Беларусі, запрашэнні дасылаў краіне, але даваў зразумець, што прысутнасць Лукашэнкі на саміце не пажадана. Апошні раз, у 2015 годзе, на саміце ў Рызе Беларусь прадстаўляў кіраўнік МЗС Уладзімір Макей.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя