Лукашэнка анансаваў новы варыянт дэкрэта аб дармаедах
Аляксандр Лукашэнка паставіў падначаленым задачу падрыхтаваць да 1 кастрычніка новую рэдакцыю скандальна вядомага дэкрэт №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», больш вядомага як «дэкрэт аб дармаедах».
Паводле яго слоў, праблему непрацуючых і не жадаючых працаваць, хаваць нельга, а таму грамадства павінна ведаць, што ніякай адмены дэкрэта №3 быць не можа.
Лукашэнка заўважыў, што ў Беларусі найменьш паўмільёна непрацуючых людзей. Ён адзначыў, што каля 200 тысяч можна вызваліць ад выплаты «падатку на дармаедства». У гэты спіс могуць трапіць розныя катэгорыі грамадзян — ад шматдзетных да хворых.
Аднак застаюцца 300 тысяч тых, хто павінен працаваць, але не працуе.
«Мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалогія», — прыводзіць БЕЛТА словы Лукашэнкі.
Ён падкрэсліў, што мясцовыя ўлады павінны мець ўсе паўнамоцтвы і рычагі ўздзеяння на гэтых людзей для вырашэння гэтай праблемы.