Лукашэнка: Апошні рубель варта выдаткаваць на бяспеку народа
На пасяджэнні Савета бяспекі 22 студзеня, прысвечаным разгляду ваеннай дактрыны Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра рашучасць у адстойванні нацыянальных інтарэсаў.
„Мы можам публічна пацвердзіць нашу міралюбную палітыку і адсутнасць варожасці да іншых дзяржаў. Разам з тым заявіць пра рашучасць у адстойванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. У тым ліку, калі спатрэбіцца, з ужываннем усёй ваеннай арганізацыі дзяржавы. Гэта значыць, нам нічога чужога не трэба, але метра свайго не аддамо. Гэта не намі прыдумана”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.
Кіраўнік дзяржавы зазначыў, што з моманту зацвярджэння дзейнай дактрыны прайшло паўтара дзясятка гадоў. За гэты перыяд становішча ў свеце і вакол Беларусі кардынальна змянілася — абвастрыліся супярэчнасці сусветных і рэгіянальных цэнтраў сілы ў барацьбе за перадзел сфер уплыву і імкненне адстойваць свае геапалітычныя інтарэсы рознымі спосабамі. „Актыўнае выкарыстанне механізмаў „каляровых рэвалюцый” для звяржэння законнай улады прывяло да павелічэння колькасці ўзброеных канфліктаў. Пры гэтым усё часцей дасягненне палітычных мэтаў адбываецца шляхам падрыву дзяржавы знутры”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у стан хаосу ўвагнаны Ірак, Лівія, Емен, працягваецца кровапраліцце ў Сірыі. Дагэтуль не ўдалося нармалізаваць абстаноўку ва Украіне. Шэраг гарачых пунктаў знаходзіцца ў „замарожаным” стане і можа ўспыхнуць у любы момант”. Тэрарызм захліснуў увесь свет, ад еўрапейскага кантынента да ЗША, і паток бежанцаў, якія ўцякаюць ад вайны, актыўна ідзе ў Еўропу, канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
„Узмацніліся супярэчнасці паміж Расійскай Федэрацыяй і дзяржавамі — членамі НАТА, калі не сказаць больш. І паміж імі апынуліся мы, як паміж молатам і кавадлам”, — заявіў Лукашэнка.
На змену традыцыйным формам вайны, дадаў ён, прыйшлі іншыя, у тым ліку так званыя гібрыдныя, у якіх значна павысілася роля інфармацыйных рычагоў уздзеяння на фарміраванне грамадскай думкі ў той ці іншай дзяржаве. Усе гэтыя фактары патрабуюць адэкватнага рэагавання, заявіў кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, што летась перад міністрам абароны была пастаўленая задача вывучыць усе варыянты сілавога рэагавання на сучасныя пагрозы з улікам доўгатэрміновага прагнозу і адлюстраваць гэта ў новай рэдакцыі ваеннай дактрыны. Распрацаваны дакумент, паводле слоў Лукашэнкі, вызначае погляды беларускай дзяржавы на забеспячэнне ваеннай бяспекі і ўзброенай абароны.
Забеспячэнне стабільнасці і бяспекі ён назваў галоўнай умовай устойлівага развіцця дзяржавы і найважнейшай задачай улады. „У любога народа, тым больш нашага, беларускага, да ўлады заўсёды былі і ёсць прэтэнзіі: і цэны высокія, і мяса, малака мала ці шмат, і шмоткі не такія, як імпартныя, і зарплаты, і пенсіі невысокія, агароджы паламаліся, дахі прадзіравіліся, снег не прыбрала ўлада з вуліц, машыны не ачысціла своечасова і г.д. І з цягам часу гэтыя прэтэнзіі сыдуць, яны проста забудуцца, або народ, як гэта заўсёды бывае, уладзе даруе. Але не даруе аднаго — калі мы яму не забяспечым бяспеку і абарону суверэнітэту і незалежнасці краіны, — перакананы Лукашэнка. — Вось тады ні шмоткі, ні мяса, ні малако, нічога не трэба будзе, калі не будзе кавалка зямлі, на якім будуць жыць нашы дзеці і ўнукі. Таму, калі застанецца апошні рубель у бюджэце або кішэні дзяржаўнай, то выдаткаваць яго варта на бяспеку нашага народа, на бяспечнае жыццё народа. Гэта галоўнае”.
У якасці прыкладу ён прывёў Украіну. „Спытайце сёння ў любога ўкраінца, які пражывае там, не толькі ў Данецку, Данбасе, Луганску: што для іх галоўнае? Бо ў іх і жыцця ж фактычна няма, з пункту гледжання нашага народа. Там ніхто ўжо не кажа пра цэны, пра мяса, пра валюту, пра курс і г.д. Там усе мараць пра тое, каб ад іх усе адсталі і ў краіне была нармальная сітуацыя, каб быў мір. Усё астатняе, як кажуць украінцы, мы знойдзем самі, сваёй працай”, — зазначыў Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы ў цэлым ухваліў новую ваенную дактрыну і даручыў пры неабходнасці ўнесці ў яе праўкі з улікам праведзенага абмеркавання. Найбліжэйшым часам праект закона, які прадугледжвае зацвярджэнне ваеннай дактрыны, будзе ўнесены прэзідэнтам на разгляд у парламент, паведамляе прэс-служба.
БелаПАН