Лукашэнка: Беларусь нічога не просіць у Расеі
Беларусь нічога не просіць у Расеі, адно толькі роўныя ўмовы. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 снежня ў Сочы на перамовах з расейскім калегам Уладзімірам Пуціным, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.
Лукашэнка адзначыў, што сустрэча праходзіць напярэдадні 20-годдзя падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. „За гэтыя 20 гадоў зроблена нямала. Гэта вядома. Нямала трэба будзе зрабіць. Мы гэта не ўтойваем, — сказаў ён. — Вы заўважылі, што нашы ўрады сур’ёзна аналізавалі дамову, глядзелі, што можна зрабіць, што мы сёння не можам рабіць. Каб лішнюю працу не выконваць. І мы з вамі да гэтага пытання звярталіся не аднойчы і карэктавалі дзеянні нашых груп па аналізе і выпрацоўцы некаторых планаў далейшай інтэграцыі”.
Паводле слоў Лукашэнкі, перад сустрэчай з Пуціным паглядзеў расейскія тэлеканалы і інфармацыю на шэрагу тэлеграм-каналаў. „Усе задаюцца пытаннем у Расеі: а што Лукашэнка, з чым ён туды едзе, з чым ён прыехаў наогул? Я скажу, Уладзімір Уладзіміравіч, мы сапраўды нямала зрабілі, але мала гаворым пра тое, што зрабілі, а трэба было б”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што бакі сабраліся на сустрэчу, каб паглядзець, як ідзе праца над аналізам саюзнай дамовы і адпаведнымі пытаннямі. „Мы не просім нічога, не настойваем ні на чым. Мы дамовіліся даўно, развіваючы нашу дамову, — людзі і суб’екты гаспадарання павінны мець роўныя ўмовы для жыцця і працы. Роўныя ўмовы — больш нічога не трэба, — сказаў Лукашэнка. — Мы не просім, як, некаторыя кажуць, танны газ, танную нафту. Мы гатовыя і па 200 долараў газ купляць (цяпер цана на расійскі газ для Беларусі складае 127 долараў за 1 тыс. куб. м. — БелаПАН.) і нафту купляць не па 63 долары за бараль. Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы. Калі нашы прадпрыемствы купляюць за 200 долараў, значыць, і канкурыруючыя прадпрыемствы (у Расіі. — БелаПАН.) павінны мець такую ж цану. У адваротным выпадку мы проста не зададзім аснову нашых адносін. Вы як вучоны, кандыдат эканамічных навук разумееце гэта не горш за мяне. Вось адзіная праблема, над якой у прынцыпе працуюць нашы ўрады. Мы сабраліся для таго, каб вырашыць гэтыя пытанні”.
Ён падзякаваў Пуціну за запрашэнне ў Сочы. „Праўда, тут за плотам і мой дом (на тэрыторыі санаторыя „Беларусь”, які належыць беларускаму боку. — БелаПАН.). Таму я, можна сказаць, у сваім доме”, — адзначыў ён.
У сваю чаргу Пуцін разлічвае, што Беларусь і Расея атрымаюць прыкметныя перавагі ад інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. „Хачу выказаць надзею на тое, што мы і далей будзем рабіць усё, каб нашы народы і краіны адчувалі сваю блізкасць, працягвалі збліжэнне, перш за ўсё, вядома, у сферы эканомікі, але не толькі, таксама і ў сацыяльнай сферы, што надзвычай важна, а таксама атрымлівалі прыкметныя перавагі ад гэтай інтэграцыі”, — сказаў ён.
Сустрэча праходзіць у рэзідэнцыі Бачароў Ручай. На перамовах акрамя кіраўнікоў дзяржаў прысутнічаюць прэм’ер-міністры і іншыя прадстаўнікі ўрадавых дэлегацый дзвюх краін.