Лукашэнка: Беларусь падтрымлівае зварот Расеі да сусветных лідараў
Беларусь падтрымлівае зварот прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна да сусветных лідараў з нагоды ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 кастрычніка на саміце СНД у Ашхабадзе.
Гаворка ідзе пра пасланне прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, накіраванае шэрагу краін, у тым ліку членам НАТА, у якім утрымлівалася прапанова ўвесці мараторый на размяшчэнне ў Еўропе і іншых рэгіёнах ракет сярэдняй і меншай далёкасці.
«Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін), тут мы вас абсалютна падтрымліваем. Мы падрыхтуем і накіруем вам ліст у адказ на вашу заяву, якую вы разаслалі па ўсім свеце. Нам трэба сур’ёзна на гэта звярнуць увагу. Гэта не толькі праблемы Расеі, якая спрабуе неяк аднавіць статус-кво і пакінуць кантроль над асабліва небяспечнымі ўзбраеннямі. Нельга дапусціць, каб у Еўропе зʼявіліся такія ракеты», – прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускім бокам была вылучаная ініцыятыва аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. «Пасля спынення дзеяння адпаведнага дагавора становіцца вельмі верагодным зʼяўленне такіх узбраенняў у еўрапейскай частцы кантынента. А гэта непазбежна цягне за сабой пагрозу новага вітка ваеннай канфрантацыі», – лічыць Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што Беларусь як паўнапраўная ўдзельніца дагавора не выходзіла з яго і больш не мае намеру гэта рабіць, калі не будзе пагроз бяспецы краіны.
Менск прапануе распрацаваць дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. «Прыняцце такога дакумента стала б важным крокам у зніжэнні напружанасці, аднаўленні даверу і ўмацаванні міжнароднай бяспекі», – адзначыў Лукашэнка.
Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці быў падпісаны ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.
20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дагавора з-за яго невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расейскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729. У Расеі гэтыя абвінавачванні абверглі, выставіўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, размяшчаючы на абʼектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, якія распрацаваныя для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.
У снежні 2018 года ЗША абʼявілі, што выйдуць з дагавора, калі Расея на працягу 60 дзён не вернецца да яго выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў пра прыпыненне ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Адначасова з гэтым быў пачаты працэс па канчатковым выхадзе краіны з дагавора, які заняў паўгода.