Лукашэнка: Беларусам важна не страціць сваю ідэнтычнасць
У сучасным свеце, які хутка мяняецца, беларусам важна не страціць сваю ідэнтычнасць. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 12 студзеня падчас прыёму на стары Новы год, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Лукашэнка падкрэсліў, што цяперашняе пакаленне беларусаў жыве ў вельмі няпросты час. Кажучы пра тое, як развіваецца Беларусь, пра яе становішча ў бурным свеце, які хутка мяняецца, ён адзначыў, што ў нас няма ніякай магчымасці адгарадзіцца ад негатыўных працэсаў. „Трэба ўмець ім супрацьстаяць, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны навучыцца жыць у гэтым свеце, дзе трэба прыстасоўвацца, але ні ў якім разе не страціць сваю ідэнтычнасць, карані, ад якіх расце наша беларуская нацыя”.
Закранаючы перспектывы, Лукашэнка адзначыў, што лёгка не будзе. „І нават, напэўна, лягчэй не будзе, чым у мінулым, 2017-м або ў былыя гады. Але мы паставілі перад сабой амбіцыйныя задачы, і, чаго б гэта нам ні каштавала, мы павінны дасягнуць гэтых рубяжоў. Калі мы не будзем рабіць гэтага з году ў год, дні нашай беларускай дзяржаўнасці будуць злічаныя”, — сказаў ён.
Як будзе развівацца краіна і якой ёй быць у будучыні, залежыць ад кожнага грамадзяніна. „Жыццё ў нас не выдатнае і нават не добрае. Пакуль мы жывем цярпіма”, — сказаў Лукашэнка.
Фота bigplanet.media