Лукашэнка: Беларусі цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы самакіравання



Беларусі цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 верасня ў Менску на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Торнстром.

„Мясцовае самакіраванне, кіраванне рэгіёнамі — гэта вельмі важная ў сучасным свеце тэма. І тое, што Савет Еўропы надае гэтаму вялікую ўвагу, дарагога каштуе. І мы хацелі б бліжэй пазнаёміцца з вашым вопытам, таму цесна супрацоўнічаем з кангрэсам”, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што круглы стол, які пройдзе ў Савеце Рэспублікі, „прынясе пэўную карысць не толькі Беларусі, але і ў цэлым Еўропе, а таксама самому кангрэсу”. Ён падзякаваў Гудрун Мослер-Торнстром за магчымасць правесці ў Менску такое мерапрыемства. „Я хачу вас запэўніць, што мы зробім усё для таго, каб яно было паспяховым”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць вопыт міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расеяй, Украінай, краінамі Балтыі ў рамках трансгранічных праграм. „Увосень у нас адбудуцца два буйныя мерапрыемствы. У кастрычніку — сустрэча кіраўнікоў рэгіёнаў Расеі (Форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі), а затым у канцы месяца — Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Я з задавальненнем хачу запрасіць вас, калі ў вас будзе час, на гэтыя мерапрыемствы. І вы ўбачыце ўжо адчувальныя вынікі ад рэгіянальнага супрацоўніцтва”, — адзначыў Лукашэнка. Ён дадаў, што гатовы абмеркаваць любыя пытанні, якія ёсць у старшыні кангрэса.

У сваю чаргу Гудрун Мослер-Торнстром адзначыла, што круглы стол — толькі пачатак супрацоўніцтва ў сферы мясцовага самакіравання. Яна падкрэсліла адкрытасць узаемадзеяння бакоў, а таксама тое, што абодвум структурам ёсць чаму павучыцца адна ў адной, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

belapan.by