Лукашэнка: Без дыялогу сёння нікуды



„Без дыялогу сёння нікуды, заўтра тым больш”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы 3 лютага сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці і СМІ.

Ён адзначыў, што цяперашняя сустрэча праходзіць у „некалькі незвычайным фармаце для многіх”. „Гэта быццам бы не прэс-канферэнцыя, не інтэрв’ю. Не сказаць, што мы не размаўлялі з нашай экспертнай супольнасцю, палітыкамі, журналістамі, — сказаў Лукашэнка. — Але мы заўсёды, або ў канцы года, або ў пачатку наступнага года збіраліся, давалі ацэнкі падзеям, адкрыта казалі пра тое, што зроблена, што яшчэ трэба зрабіць, што не зроблена. Таму гэтая традыцыйная з гэтага пункту гледжання наша сустрэча, але менавіта ў такім фармаце”.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў прысутным на сустрэчы абмеркаваць „абсалютна ўсё”, што хвалюе іх, іх знаёмых і блізкіх. „Мы сюды сабраліся не для нейкага піяру. А калі і піяр, то ён павінен быць успрыняты нашым народам, — падкрэсліў Лукашэнка. — Вядома, мы павінны абмеркаваць тыя праблемы, якія сёння хвалююць наш народ. А вы — той зрэз нашага грамадства, які акумулюе ўсё тое, што адбываецца ў нашым грамадстве. Я хацеў, каб вы найбольш поўна данеслі і да мяне таксама ўсё тое, што адбываецца ў нашым грамадстве. Не скажу, што не інфармаваны па асноўных напрамках нашага грамадства і дзяржавы, нашай эканомікі, праблемных пытаннях і гэтак далей, але дэталі ведаеце лепш вы”.

Лукашэнка прапанаваў удзельнікам сустрэчы не проста задаваць яму пытанні, але і выказваць „прама і адкрыта” іх меркаванне. „Я вельмі шмат і часта чую пра тое, што мы ж суверэнныя, незалежныя. Ну так давайце праводзіць суверэнную і незалежную палітыку, абмяркоўваючы праблемныя пытанні, нікога не караючы, нікога не крыўдзячы, не пераходзячы на асобы, асабліва тых людзей, якія ў нашай краіне не жывуць. Тым больш, на кіраўнікоў тых ці іншых дзяржаў, няхай гэта будзе Пуцін, Трамп, Парашэнка або Меркель. Гэта недапушчальна не толькі ў журналістыцы, але і наогул у зносінах паміж людзьмі. Я ўжо не кажу пра міждзяржаўныя адносіны. Мы павінны паказаць, што мы цывілізаваны народ, і Гасподзь нездарма нас пасяліў у цэнтры Еўропы”, — адзначыў прэзідэнт.

Паводле слоў Лукашэнкі, падчас сустрэчы ён плануе абмеркаваць і вынікі 2016 года. „Не ўсё ў нас атрымалася. Ёсць вельмі сур’ёзныя знешнія фактары, яны абсалютна вызначальныя. Але многае мы не зрабілі самі, — сказаў ён. — Галоўнае, нам удалося захаваць мір, стабільнасць, сацыяльную абароненасць людзей. Хоць чытаю і чую вельмі шмат: ну, што там гэты Лукашэнка скажа? Ізноў бяспека, стабільнасць і гэтак далей. Я ўсіх такіх гаваруноў і пісак адпраўляю сёння ў Данбас. Едзьце туды, адтуль прыедзеце іншымі людзьмі”.

Лукашэнка адзначыў, што „ёсць сілы і тут, і за межамі (краіны.), якія мараць зацягнуць Беларусь у хаос”. „Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё, таму грамадству цяпер як ніколі патрэбныя духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны, — сказаў Лукашэнка. — Тут сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў, але ў адным мы адзіныя — у адданасці нашай айчыне, нашай незалежнай Беларусі. Прадстаўнікоў пятай калоны тут няма. Тут ёсць людзі, якія мысляць апазіцыйна, якія не галасавалі за прэзідэнта, якія не любяць прэзідэнта, не падабаецца ім палітыка прэзідэнта, але гэта людзі, якія любяць сваю краіну. З такімі людзьмі я гатовы размаўляць у любы час”.

belapan.by