Лукашэнка: Данкверту трэба сказаць, каб спыняў нас гнабіць
На сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці Расеі Ігарам Арловым у Менску 21 лютага Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на высокую якасць беларускіх прадуктаў харчавання, якія пастаўляюцца ў розныя рэгіёны свету.
„Мы гандлюем не толькі ў Расеі, ужо вельмі шмат і ў Еўразвязе, але яшчэ больш з Кітаем, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Таму Данкверту (кіраўніку Рассельгаснагляда. — БелаПАН.) трэба сказаць, каб спыняў нас гнабіць, а то мы пойдзем проста на кітайскі рынак”.
„Мы захоўваем вельмі вялікую цікавасць да прамых кантактаў з расейскімі рэгіёнамі, — падкрэсліў Лукашэнка. — Вы для нас наогул родны чалавек, мы жывем на поўначы, у нас шмат задач, якія трэба вырашаць”. Беларусь, дадаў ён, мае дастатковыя аб’ёмы прамысловай прадукцыі і тавараў народнага спажывання для гандлю з расейскім рэгіёнам.
Лукашэнка прапанаваў арганізаваць сумесныя прадпрыемствы па засваенні тарфяных радовішчаў, якімі багатая Архангельская вобласць. „Усё, пра што вы тут дамовіліся, я вам гарантую, мы гэта рэалізуем. Мы вельмі адказныя людзі, — запэўніў ён расейскага губернатара. — Мы ад гэтага маем даход, вядома, не такі, як у Расеі ад нафты і прыроднага газу. З гэтага жыве ўся Беларусь. Праца з вамі — гэта не дабрачыннасць. Гэта наша жыццё, наша праца, ад якой мы атрымліваем хоць невялікі, але прыбытак”.
belapan.by