Лукашэнка даручыў разабрацца з падачай кіслароду ў Віцебскай БХМД



Аляксандр Лукашэнка даручыў разабрацца з сітуацыяй вакол падачы кіслароду ў Віцебскай лякарні хуткай дапамогі. Гэтую тэму ён закрануў падчас візіту ў Маладзечна 12 сакавіка.

Аб праблеме з падачай кіслароду ў Віцебскай БХМД заявіў загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Уладзімір Мартаў. У інтэрв’ю tut.by ён паведаміў, што пасля перапрафілявання лякарні пад прыём пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй мінулай восенню, істотна павялічылася нагрузка на кіслародную сістэму і з’явіліся цяжкасці з падачай кіслароду — ён не паступаў для пацыентаў, якія знаходзіліся на штучнай вентыляцыі лёгкіх, у ранейшым аб’ёме. Нягледзячы на меры, праблему вырашыць не атрымалася, і, паводле слоў лекара, яе „спускалі на тармазах”, забаранялася нават абмяркоўваць.

7 і 8 студзеня ў хірургічным корпусе тры разы адключалася падача кіслароду — на 15, 20 і 23 хвіліны, пасля чаго пачалі паміраць людзі, ахвяраў было „не адзін і не два чалавекі”, заявіў Мартаў.

„Прамаўчаць пра гэта надзвычайнае здарэнне я, зразумела, не мог: напісаў міністру аховы здароўя Дзмітрыю Піневічу. Ён даслаў камісію ў нашу лякарню. Сістэму падачы кіслароду ніхто не даследаваў, са мной абмяркоўвалі зусім іншыя пытанні. У выніку я ж атрымаў вымову: за тое, што няправільна лячу каронавірусных хворых”, — сказаў Мартаў. Паводле яго слоў, перабоі з падачай кіслароду перыядычна па-ранейшаму адбываюцца.

З Мартавым не працягваюць працоўны кантракт — „у сувязі са сканчэннем тэрміну яго дзеяння” (3 красавіка).

Падчас наведвання Маладзечанскай цэнтральнай раённай лякарні 12 сакавіка Лукашэнка пацікавіўся ў міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча і свайго памочніка Аляксандра Косінца, пра якія праблемы з кіслародам у віцебскай лякарні заяўляў „у інтэрнэце нейкі лекар”. Відэазапіс размовы размешчаны ў тэлеграм-канале „Пул Першага”.

Косінец адказаў, што не думае, што ў лякарні не хапае кіслароду. „Там хапае кіслароду”, — сказаў ён. Піневіч заявіў, што ў лякарні былі „невялікія перабоі” і туды „высылалі камісію”. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў лекара, які паведаміў аб праблеме, заканчваўся кантракт.

„Калі гэта чарговая палітыка, так трэба на месца ставіць”, — заявіў Лукашэнка. „Паставім”, — паабяцаў міністр аховы здароўя.

Лукашэнка заявіў, што „нам зараз не да палітыкі”, і даручыў „спыняць падобныя рэчы”, але „калі там сапраўды ёсць праблема, яе трэба вырашаць”.

БелаПАН

Фота: belta.by