Лукашэнка: Дэмакратыі ў Беларусі не менш, чым у Еўразвязе



На сустрэчы з прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі АБСЕ Крысцін Мутанен 16 сакавіка ў Менску Аляксандр Лукашэнка заявіў пра прыхільнасць Беларусі асноўным прынцыпам дзейнасці АБСЕ. На яго думку, правоў чалавека і дэмакратыі ў Беларусі „ніколькі не менш”, чым у Еўразвязе.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь яшчэ раз пакажа ўсяму свету, і перш за ўсё дэпутатам, прадстаўнікам іншых краін, якія ўваходзяць у АБСЕ, што прадузятасці, што існавалі і існуюць на Захадзе, з’яўляюцца надуманымі. „Беларусь — гэта еўрапейская краіна, тут і правоў чалавека, і вяршэнства закона, і дэмакратыі ніколькі не менш, чым у іншых дзяржавах Еўропы, у тым ліку Еўразвяза”, — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

Лукашэнка падкрэсліў, што візіт Крысцін Мутанен для Беларусі „вельмі важны”. Мы вам удзячныя за давер, які аказаны Беларусі ў плане правядзення сесіі Парламенцкай асамблеі. Нам сапраўды трэба абмеркаваць многія пытанні. Я хачу вам шчыра і адкрыта сказаць, што мы зробім усё, каб гэта была лепшая ў сваёй гісторыі падобная сесія. Мы хочам гэтым прадэманстраваць, што Беларусь прыхільная да асноўных прынцыпаў дзейнасці АБСЕ”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён зазначыў, што рашэнне правесці штогадовую сесію ПА АБСЕ ў Беларусі (сесія павінна прайсці ў Менску 5—9 ліпеня) не было памылковым. „Сітуацыя ў Беларусі адносна спакойная на фоне тых падзей, якія развіваюцца ў свеце. І я вам абяцаю, што сітуацыя будзе такой жа напярэдадні, падчас і пасля правядзення гэтага мерапрыемства”, — дадаў Лукашэнка.

Варта зазначыць, што напярэдадні ў Менску прайшла вулічная акцыя пратэсту супраць дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве. Нягледзячы на тое што акцыя была дазволеная гарадскімі ўладамі, пасля яе адбыліся масавыя затрыманні, у тым ліку з прымяненнем сілы супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Аналагічныя акцыі прайшлі таксама ў Гародні і Магілёве, але там яны былі несанкцыянаваныя. Паводле звестак праваабаронцаў, у трох гарадах затрымана больш за 50 чалавек. Сёння затрыманых судзяць.

МУС і ГУУС Менгарвыканкама сітуацыю пакуль не пракаментавалі.

belapan.by