Лукашэнка: Для Беларусі важна супрацоўнічаць з Усходам і Захадам
Для Беларусі ў роўнай ступені важна развіваць супрацоўніцтва з Усходам і Захадам, не робячы штучнага выбару паміж імі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, прымаючы сёння ў Менску прадстаўнікоў МЗС краін — членаў Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ).
„Знешняя палітыка нашай краіны грунтуецца на шматвектарнасці і міралюбнасці. Мы імкнемся будаваць дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі”, — цытуе кіраўніка дзяржавы прэс-служба прэзідэнта.
Аднак, дадаў Лукашэнка, пэўныя сілы не пакідаюць спробаў адрадзіць блокавую палітыку мінулага. „Хто як не мы, прадстаўнікі дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, разумеем, да якіх разбуральных і катастрафічных наступстваў яна можа прывесці”, — сказаў ён.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, краінам ЦЕІ неабходна разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце. „Рэаліі такія, што дзяржавам, якія геаграфічна знаходзяцца паміж Еўропай і Азіяй, неабходна браць на сябе больш адказнасці ў пытанні забеспячэння рэгіянальнай стабільнасці — тым больш, гэта часам нічога не каштуе ў матэрыяльным плане. Бо ад нас значна залежыць, стануць нашы краіны лініяй падзелу паміж сусветнымі цэнтрамі сілы або іх сувязным звяном. Зараз трэба будаваць не новыя жалезныя заслоны, а разам наводзіць масты паміж рознымі інтэграцыйнымі структурамі на кантыненце”, — заявіў Лукашэнка. Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва, падкрэсліў ён, „павінна быць накіраваная на рашэнне менавіта гэтай, вельмі складанай, няпростай задачы”.
Пасля сустрэчы з Лукашэнкам у „Прэзідэнт-гатэлі” пачнецца пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін ЦЕІ. Яно праводзіцца ў межах старшынства Беларусі ў ЦЕІ ў 2017 годзе.
Асноўная тэма дыскусіі гучыць так: „Нарастальная роля краін — членаў ЦЕІ ў прасоўванні сумяшчальнасці і ўзаемадапаўняльнасці розных інтэграцыйных працэсаў у Вялікай Еўропе, уключаючы аб’яднанне намаганняў у супрацьстаянні новым пагрозам стабільнасці ў рэгіёне і ўмацаванне прагматычнага эканамічнага супрацоўніцтва паміж рознымі інтэграцыйнымі фарматамі”.
Удзельнікі сустрэчы — кіраўнікі і прадстаўнікі МЗС Албаніі, Аўстрыі, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, Італіі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Славеніі, Харватыі, Чэхіі, Чарнагорыі і Украіны.
Цэнтральна-Еўрапейская ініцыятыва — рэгіянальнае аб’яднанне, створанае ў 1989 годзе Аўстрыяй, Венгрыяй, Італіяй і Югаславіяй. Галоўная мэта арганізацыі — садзейнічанне ўмацаванню еўрапейскага рэгіянальнага супрацоўніцтва для прадухілення ўтварэння новых ліній падзелу ў Еўропе. Зараз у склад ЦЕІ ўваходзяць 18 дзяржаў. Беларусь далучылася да арганізацыі ў чэрвені 1996 года.