Лукашэнка: Для Беларусі важна ўмацоўваць супрацу з Кітаем
Для Беларусі важнае далейшае паглыбленне ўзаемадзеяння з Кітаем, заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 верасня на сустрэчы з чальцом пастаяннага камітэта палітбюро цэнтральнага камітэта Кампартыі Кітая, сакратаром цэнтральнай камісіі КПК па праверцы дысцыпліны Чжаа Лэцзі.
Паводле слоў Лукашэнкі, яму „асабліва прыемна”, што менавіта ў Беларусь Лэцзі ажыццяўляе свой першы візіт пасля абрання дзейнага складу кіраўніцтва Кампартыі Кітая.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць таго, што ў чэрвені ў Цындаа падчас саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ён сустракаўся са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, дзе яны сумесна абвясцілі пра ўступленне ў новы этап беларуска-кітайскай супрацы. „Беларусь і Кітай, як прынята сёння казаць, сталі „жалезнымі братамі”, — адзначыў ён. — Рады, што няспынны дыялог на вышэйшым узроўні працягваецца, захоўваючы глыбіню двухбаковых адносін. Кожная сустрэча дае новы імпульс у злучэнні развіцця нашых краін у імя пабудовы супольнасці адзінага лёсу”.
Лукашэнка заявіў, што з пункту гледжання кіраўніцтва Беларусі адносіны з Кітаем „інтэнсіўныя і ўсёабдымныя, яны дынамічна развіваюцца”. „І такой дынамікай беларускі бок задаволены. Натуральна, што на гэтым доўгім, вельмі складаным і цяжкім шляху заўсёды будуць нявырашаныя праблемы, задачы, якія трэба будзе рэалізоўваць”, — сказаў ён.
Вельмі важна сёння, дадаў Лукашэнка, пачуць меркаванне прадстаўніка Кітая па якасці ўзаемадзеяння і напрамках паглыблення беларуска-кітайскай супрацы.
БелаПАН