Лукашэнка: Для Расеі Трамп таксама не падарунак
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на пасадзе прэзідэнта ЗША выбраны Дональд Трамп будзе ў першую чаргу бараніць амерыканскія інтарэсы. І таму пакуль рана рабіць высновы аб тым, як яго выбранне паўплывае, напрыклад, на адносіны з Расеяй.
Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў сёння ў час размовы з працоўным калектывам ААТ «Магілёўхімвалакно», перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Калі хтосьці радуецца? Я чуў у Расеі: Трампа выбралі — гэта добра, Хілары — дрэнна. Ужо магу сказаць, што гэта (выбранне Трампа) — не падарунак», — заявіў кіраўнік краіны.
Лукашэнка растлумачыў сваю пазіцыю тым, што агульны напрамак палітыкі ЗША адносна Расеі, калі б перамагла Хілары Клінтан, быў бы зразумелым. Але да ўлады прыйшоў Дональд Трамп, а галоўны яго лозунг і ідэя заключаецца ў тым, каб зрабіць Амерыку вялікай.
«А дзе месца Расеі?» — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар.
«Таму не трэба спяшацца і заяўляць, што гэта падарунак. Прыйшоў да ўлады амерыканскі грамадзянін, які любіць Амерыку і які хоча, каб гэта краіна была яшчэ мацнейшай, чым цяпер», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«А вось дзе будзе месца глабальных дзяржаў і наша — пытанне. Нам не згубіцца б у гэтым віры. І вы не хвалюйцеся, мы не згубімся», — запэўніў кіраўнік краіны.