Лукашэнка: Добра, што КДБ перанёс цэнтр цяжару на эканамічныя пытанні



Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў дзейнасць КДБ у барацьбе з карупцыяй, а таксама ў забеспячэнні захавання інтарэсаў краіны ў сферы эканомікі і фінансаў. Такую заяву ён зрабіў 8 лютага, прымаючы з дакладам старшыню Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыя Вакульчыка, паведамляе прэс-служба прэзідэнта

Паводле слоў Лукашэнкі, добра, што камітэт перанёс цэнтр цяжару на эканамічныя пытанні, бо для Беларусі гэты напрамак зараз з’яўляецца вельмі важным. „Іншыя сілавыя структуры значна адстаюць у гэтым плане ад КДБ”, — заўважыў ён.

Разам з тым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, прыярытэтная сфера дзейнасці КДБ — гэта разведка і контрразведка, абарона канстытуцыйнага ладу. „Сёння дзяржаўнасці і бяспецы Беларусі нічога не пагражае, але, тым не менш, гэтую тэму прэзідэнт мае намер трымаць на кантролі”, — адзначаецца ў паведамленні прэс-службы.

Вакульчык зрабіў даклад пра наяўную сітуацыю, а таксама вынікі працы ведамства ў 2015 годзе. „Старшыня КДБ адзначыў, што прынятыя меры далі магчымасць дасягнуць вынікаў па лініі не толькі разведкі і контрразведкі, але і абароны эканамічнай бяспекі і барацьбы з карупцыяй, — паведамляе прэс-служба. — Удаецца раскрываць сістэмныя праблемы дзейнасці розных сфер эканомікі і асобных галін, бачыць рэзервы для павышэння эфектыўнасці працы эканомікі ў тым ці іншым напрамку”.

belapan.by