Лукашэнка думае, як рэагаваць на амерыканскіх ваенных у Літве



Аляксандр Лукашэнка даручыў дзяржсакратару Савета бяспекі і міністру абароны ўнесці прапановы па мерах рэагавання на дзеянні, звязаныя з размяшчэннем у Літве каля мяжы з Беларуссю ваеннай тэхнікі і вайскоўцаў арміі ЗША. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась у эфіры тэлеканала „Беларусь 1”.

Паводле яго слоў, у Літву ўжо прыбываюць падраздзяленні амерыканскай бранятанкавай дывізіі на палігон Пабрадэ за 15 км ад мяжы з Беларуссю. „Гэта адзін з самых буйных ваенных палігонаў на тэрыторыі Літвы. Да гэтага часу амерыканскіх падраздзяленняў у гэтай краіне не было. Цяпер яны там з’яўляюцца”, — адзначыў Зась.

„Чаму мы ацэньваем гэты факт негатыўна? Таму што ў гэтай сітуацыі нельга быць проста назіральнікам. У любой краіне прапрацоўваюцца меры ў адказ. І кіраўнік дзяржавы паставіў задачу Дзяржсакратарыяту і Міністэрству абароны ўнесці прапановы па рэагаванні на гэты факт”, — расказаў дзяржсакратар Савета бяспекі. Паводле яго слоў, прапановы будуць выкладзены на пачатку наступнага тыдня.

Каментуючы вучэнні НАТА Defender Europe 2020 („Абаронца Еўропы 2020”), якія маюць адбыцца, Зась адзначыў: „Рэакцыя нашага галоўнакамандуючага, прэзідэнта Беларусі на гэтыя вучэнні не нейкая асаблівая. Яна роўная і адэкватная тым падзеям, якія намячаюцца ў наступным годзе. Гэта адны з самых буйных вучэнняў за апошнія 25 гадоў. У іх возьмуць удзел каля 40 тысяч ваенных з 18 краін — членаў НАТА. І прытым каля паловы гэтых ваеннаслужачых — з ЗША”.

Паводле яго слоў, асаблівасцю вучэнняў з’яўляецца тое, што шырока плануецца адпрацаваць пытанні перакідкі войскаў з тэрыторыі ЗША на еўрапейскі кантынент.

„Такія вучэнні ўжо былі… Важна разумець, на якім фоне праводзяцца гэтыя вучэнні. Усе мы з’яўляемся сведкамі нарастання супрацьстаяння паміж цэнтрамі сілы. На жаль, адбываецца практыка вяртання да палітыкі мілітарызацыі, гонкі ўзбраенняў. Ваенныя выдаткі ва ўсіх нашых суседзяў у апошнія гады растуць. Мала таго, што яны большыя, чым у Беларусі, і ў грашовых адзінках, і ў працэнтах ад ВУП, але яны растуць… Вядома, нас гэта насцярожвае”, — заявіў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Зась назваў надуманай наяўнасць ваеннай пагрозы краінам Еўропы з боку Расеі. „На наш погляд, вядома, гэта надуманая пагроза. Сур`ёзна разглядаць уварванне груповак войскаў з боку Расеі… Мне здаецца, што любы чалавек, які займаецца ваеннай аналітыкай, усур’ёз гэта ацэньваць не будзе”, — падкрэсліў дзяржсакратар.

Падраздзяленні сухапутных войскаў ЗША на ратацыйнай аснове служаць на тэрыторыі краін Балтыі і Усходняй Еўропы з вясны 2014 года ў рамках аперацыі „Атлантычная рашучасць”. Такім чынам ЗША дэманструюць саюзнікам па НАТА прыхільнасць да „калектыўнай абароны і справы забеспячэння бяспекі пасля расейскай агрэсіі ва Украіне”. Войскі і тэхніка арміі ЗША прабудуць у Літве да вясны 2020 года. Увесь гэты час яны будуць супрацоўнічаць і трэніравацца з літоўскімі калегамі і іншымі саюзнікамі.

Акрамя таго, запланаваны маштабныя вучэнні НАТА Defender Europe, якія пройдуць вясной 2020 года на тэрыторыі краін Еўразвяза. У паведамленні на сайце арміі ЗША ў Еўропе гаворыцца, што амерыканскія войскі і тэхніка будуць знаходзіцца на гэтым кантыненце з лютага па ліпень 2020 года, самі манеўры плануецца правесці ў красавіку і траўні. Чакаецца, што ў іх возьме ўдзел кантынгент 18 краін, вучэнні разгорнуцца на тэрыторыі 10 дзяржаў. У манеўрах плануецца задзейнічаць каля 37 тыс. вайскоўцаў НАТА і краін-партнёраў, у тым ліку 20 тыс. амерыканскіх салдат.

belapan.by