Лукашэнка: Дзеянні НАТА каля межаў Саюзнай дзяржавы ўтойваюць у сабе небяспеку
Пытанне бяспекі стала цэнтральным на сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў СНД 28 верасня ў Душанбэ (Таджыкістан). Пра гэта заявіў па выніках саміту журналістам Аляксандр Лукашэнка. Фрагмент інтэрв’ю паказаны ў эфіры навін тэлеканала СТВ.
„Пытанне бяспекі — гэта, можна сказаць, цэнтральнае пытанне сённяшняга саміту. Усе пра гэта кажуць, усе прэзідэнты. Нават мы — здавалася б, спакойная Беларусь — пастаянна пра гэта гаворым. Улічваючы яшчэ і тыя небяспекі і выклікі, якія ўтойваюць у сабе дзеянні заходніх дзяржаў і НАТА каля нашых межаў, каля межаў Саюзнай дзяржавы”, — сказаў афіцыйны лідар.
„Дарэчы, мы ў такім канфідэнцыйным парадку з [прэзідэнтам Расеі] Уладзімірам Уладзіміравічам [Пуціным] абмяркоўвалі гэтую праблему. Я не буду канкрэтызаваць, але асабіста мы размаўлялі менавіта па гэтым пытанні”, — сказаў Лукашэнка.
Пра тое, што Беларусь сочыць за сітуацыяй у сувязі з намерам Польшчы размясціць на сваёй тэрыторыі ваенную базу ЗША і ў залежнасці ад яе развіцця будзе вымушана „пэўным чынам адаптаваць свае падыходы ў адпаведных галінах”, заявіў 27 верасня на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
„Наогул мы перакананыя, што бяспека непадзельная. Яна не можа быць дасягнута шляхам напампоўвання мускул. У свеце сучасных тэхналогій, у тым ліку ў ваеннай сферы, перацягванне на сваю тэрыторыю дадатковых аб`ектаў і сіл — гэта гульня з нулявым вынікам. Гэта толькі аслабляе бяспеку канкрэтнай дзяржавы і краін-суседзяў, спрыяе ўзмацненню ваенна-палітычнай напружанасці і з`яўленню новых раздзяляльных ліній”, — сказаў прадстаўнік МЗС.