Лукашэнка едзе ў Шклоў
Напярэдадні візіту Лукашэнкі ў Шклоў мясцовая міліцыя цікавіцца апазіцыянерамі.
У прыватнасці, у кватэру намесніка старшыні Партыі БНФ прыходзіў міліцыянт і сказаў, каб у бліжэйшую суботу да абеду жыхары шматкватэрнага дома не адкрывалі вокны.
Распавядае Рыгор Кастусёў:
– Мяне не было на той момант у Шклове, мне перадалі мае дамашнія, што па нашым шматкватэрным доме хадзілі міліцыянты, зайшлі і да нас. Супрацоўнік міліцыі пацікавіўся, дзе знаходжуся я, бо яго “прасілі пацікавіцца.” Думаю, гэта звязана з прыездам Лукашэнкі, бо будуецца Лядовы палац у Шклове, 5 гадоў, дарэчы. І ніяк не могуць закончыць. І вось ён вырашыў паглядзець ход будаўніцтва.
Кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ на выбарах 2010 лічыць такія дзеянні праваахоўнікаў палітычным пераследам. Астатнімі жыхарамі дома, а таксама сямейнікамі Рыгора Кастусёва міліцыянты не цікавіліся – падкрэсліў палітык.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота БелТА