Лукашэнка едзе з візітам у Аўстрыю
12 лістапада Аляксандра Лукашэнку чакаюць з афіцыйным візітам у Вене. Пра „нармальны паўнавартасны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Еўразвяз” заявіў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей на форуме „Менскі дыялог”. Пра гэта паведаміла аўстрыйскае інфармацыйнае агенцтва APA.
Аляксандр Лукашэнка сустрэнецца з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам, правядзе перамовы з прэзідэнтам Нацыянальнай рады Вольфгангам Собаткам і возьме ўдзел у эканамічным форуме.
Аўстрыя стабільна ўваходзіць у лік найбуйнейшых інвестараў у эканоміку Беларусі. Адзіны банк Беларусі з заходнім капіталам — „Прыёрбанк”, яго асноўным акцыянерам з’яўляецца „Raiffeisen Bank”. Гэты банк выступаў адным з арганізатараў размяшчэння беларускіх еўрааблігацый на еўрапейскіх фінансавых рынках.
Актыўна вядзе лінію на паляпшэнне адносінаў з афіцыйным Менскам Федэральны Канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц. У якасці міністра замежных спраў ён двойчы наведваў беларускую сталіцу.