Лукашэнка: Еўрапейскія краіны пачынаюць выходзіць з каранціну



Нягледзячы на смяротнасць 400—600 чалавек за суткі, Еўропа пачала адкрывацца, заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 красавіка падчас рабочай паездкі ў Бабруйск (Магілёўская вобласць).

Фрагмент гутаркі Лукашэнкі з чыноўнікамі паказаў тэлеканал „Беларусь 1”.

„Нягледзячы на смяротнасць 400—600 чалавек за суткі, Еўропа пачала адкрывацца. На працягу месяца, я ўпэўнены, сусветная эканоміка, асабліва ў нашых суседзяў, будзе працаваць. У тым ліку і ў Расеі. Яны ўжо разумеюць, куды ўскочылі. Усе разумеюць. Таму трэба да гэтага быць гатовымі”, — сказаў Лукашэнка.

Ён запэўніў, што ўся міжнародная дапамога, атрыманая Беларуссю, будзе накіраваная на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя. „Нам вельмі моцна падставіць плячо Еўропа, асабліва міжнародныя банкі і фонды, менавіта пад ахову здароўя, — падкрэсліў Лукашэнка. — Я хачу, каб, карыстаючыся момантам, мы ўбачылі і слабыя месцы ў нашай ахове здароўя. Ураду я даручыў, каб усе грошы, якія мы атрымаем ад МВФ, Сусветнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, пайшлі на ахову здароўя”.

„Самае галоўнае — мы павінны, дзе слабаватае звяно інфекцыйных бальніц, падцягнуць інфекцыёнкі. Вось выратавалі інфекцыёнкі, захавалі — сёння нават у рэгіёне бачыш, што гэта нас ратуе. Калі б мы аптымізаваліся, як некаторыя, у нас не было б інфекцыйных бальніц, і мы б мелі тое, што маюць сёння ў Заходняй Еўропе”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым ён адзначыў, што сітуацыя з COVID-19 не павiнна паўплываць на выкананне запланаваных паказчыкаў у Беларусі. „Каб ты не супакойваўся і не думаў, што з-за псіхозу нейкага мы павінны тут недзе скасціць патрабаванні або спрасціць патрабаванні да вас, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца. — Гэтага не будзе. Мы павінны выканаць тыя планы, якія перад намі стаяць”.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у Бабруйску Лукашэнка перш за ўсё пацікавіўся ў Зайца, як праходзіць у рэгіёне пасяўная кампанія. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на ўраблянне грэчкі. „Паглядзі, каб мы маглі вырабіць добрую колькасць. Таму што расіяне адмовіліся з намі працаваць, як гэта было ў савецкія часы, калі мы там больш закуплялі грэчкі: там больш расце, чым у нас”, — сказаў Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік таксама пацікавіўся, як ідзе сяўба іншых культур, ці ёсць у прадпрыемстваў пытанні па наяўнасці паліва і ўгнаенняў. Заяц адказаў, што істотных праблем няма. „Своечасова ўсё пасеем”, — заявіў ён.

Лукашэнка загадаў звярнуць увагу на дэфіцыт вільгаці. „У некаторыя нізкія месцы мы не можам ўлезці, нават у Гомельскай вобласці. Трэба цяпер паставіць тэхніку, каб разараць гэты дзёран”, — сказаў ён.

Падчас рабочай паездкі Лукашэнка наведае прадпрыемства „Славянка”, дзе з нядаўняга часу наладжаная вытворчасць сродкаў індывідуальнай засцярогі. „На прадпрыемстве гаворка пойдзе аб выкананні даручэнняў па павелічэнні вытворчасці і забеспячэнні ўнутранага рынку сродкамі засцярогі насельніцтва і медыцынскага персаналу. Кіраўніка дзяржавы таксама праінфармуюць аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і мерах па барацьбе з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі”, — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

belapan.by

Фота БелТА