Украіна адкінула прапанову Лукашэнкі ўвесці міратворчыя войскі (абноўлена)



У Міністэрстве замежных спраў Украіны адхілілі прапанову Аляксандра Лукашэнкі ўвесці міратворчыя войскі на Данбас. Старшыня Руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што беларусам неабходна захоўваць у канфлікце нейтралітэт.

Пра гэта РБК-Украіна заявіў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Яўген Перабійніс, паведамляе nn.by.

«Мы лічым, ніякіх міратворчых войскаў ва Украіну ўводзіць не трэба. Трэба, каб Расейская Федэрацыя і тэрарысты выконвалі менскія дамоўленасці пра спыненне агню і абмен закладнікамі… Расейская Федэрацыя павінна вывесці свае войскі з тэрыторыі Украіны. Ніякіх міратворчых войскаў ва Украіне не трэба. Мы здольныя самі навесці парадак на сваёй зямлі, калі яе пакінуць замежныя войскі», — адзначыў Перабійніс.

Нагадаем, 2 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць працягнуць сваю пасрэдніцкую місію для мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту. «Калі трэба — а гэта для мяне вельмі небяспечная і страшная рэч — калі ёсць недавер Расеі да Захаду і Захаду да Расеі, Амерыкі да Расеі і Расеі да Амерыкі, і ёсць недавер ваюючых бакоў, то я гатовы быў б выкарыстоўваць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі», — заявіў Лукашэнка.

Аляксандр Мілінкевіч: Удзел беларускіх вайскоўцаў ва ўкраінскім канфлікце – вельмі далікатнае пытанне. Калі б гэта сапраўды былі такія войскі, якія пасылае ААН, то справа была б ганаровай. Але, каб не аказалася так, што беларускія войскі паспрыяюць расейскай агрэсіі. Усё ж Беларусь у ваенным саюзе з Расеяй. Да таго ж Беларусь не мае права пасылаць свае войскі за мяжу, таму што гэта не дазваляе Канстытуцыя.

РР: На ваш погляд, як простыя людзі ставяцца да таго, каб беларускія хлопцы прымалі ўдзел у ваенным канфлікце? Няхай місія будзе і міратворчай…

Аляксандр Мілінкевіч: Адназначна, што негатыўна. Нярэдка да беларусаў адносіліся з пагардай – маўляў, памяркоўныя, не могуць пастаяць за сябе. Але гэта і мудрасць беларусаў. І ў ваенным канфлікце другіх краін трэба быць нейтральным.

РР: Што стаіць за заявай пра гатоўнасць выкарыстоўваць свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі?

Аляксандр Мілінкевіч: Не выключаю, што гэта проста жаданне працягнуць той поспех, які нечакана адбыўся пасля перамоваў у Менску.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

У Міністэрстве замежных спраў Украіны адхілілі прапанову Аляксандра Лукашэнкі ўвесці міратворчыя войскі на Данбас. Пра гэта заявіў дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі ўкраінскай дыпламатыі Яўген Перабійніс. Ён адзначыў, што „ніякіх міратворчых войскаў ва Украіну ўводзіць не трэба. Трэба, каб Расейская Федэрацыя і тэрарысты выконвалі менскія дамоўленасці пра спыненне агню і абмен закладнікамі. Расейскі бок павінен вывесці свае войскі з тэрыторыі Украіны”.

Прыгадаем, 2 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць працягнуць сваю пасярэдніцкую місію для мірнага ўрэгулявання ўкраінскага канфлікту і сказаў, што ён гатовы выкарыстоўваць беларускія ўзброеныя сілы для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі.

* * *

У інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс» Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць накіраваць ва Украіну беларускія ўзброеныя сілы для спынення канфлікту.

«Калі трэба – а гэта для мяне вельмі небяспечная і страшная рэч — калі ёсць недавер Расеі да Захаду і Захаду да Расеі, Амерыкі да Расеі і Расеі да Амерыкі, і ёсць недавер ваюючых бакоў, то я гатовы быў бы выкарыстоўваць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці канфліктуючыя бакі», – сказаў Лукашэнка.

Фрагмент інтэрв’ю размешчаны на сайце тэлеканала. Поўная версія інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам, якое было дадзена 1 кастрычніка, будзе транслявацца на канале «Еўраньюс» увечары 3 кастрычніка.

[youtube id=”QRFRzREV3pY”]

belapan.com

Відэа belta.by