Лукашэнка: Градус канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам дасягнуў мяжы
«Нас не можа не хваляваць той факт, што градус недаверу і канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам дасягнуў мяжы», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на форуме «Менскага дыялогу» «Еўрапейская бяспека: адысці ад краю бездані» 8 кастрычніка ў Менску. «Эксперты ў галіне бяспекі і раззбраення з абодвух бакоў ужо малююць жахлівую ў сваім праўдападабенстве карціну, – сказаў ён. – Усяго за некалькі хвілін Расея і НАТА могуць прайсці шлях ад ненаўмыснага лакальнага канфлікту да ядзернай вайны».
Паводле яго слоў, пасля нядаўняга выхаду з Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці двух ключавых яго ўдзельнікаў – ЗША і Расеі – «працэс разбурэння архітэктуры кантролю над узбраеннямі фактычна выйшаў на фінішную прамую».
«Апошні рубеж – дагавор па стратэгічных наступальных узбраеннях 2010 года. Калі бакі не дамовяцца аб яго працягу, усяго праз два гады (у 2021 годзе) свет апынецца ў сітуацыі, калі адносіны ў сферы ядзерных узбраенняў наогул не будуць нічым рэгулявацца. Чалавецтва сямімільнымі крокамі рухаецца да рысы, за якой – бездань», – сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што ў большасці дзяржаў ёсць падставы ставіцца адзін да аднаго з недаверам. «Недружалюбныя або нават агрэсіўныя дзеянні ў мінулым укараняюць узаемныя падазрэнні і асцярогі на доўгія гады наперад, – сказаў Лукашэнка. – У ідэале нам трэба вярнуцца да канцэпцыі еўрапейскай бяспекі, заснаванай на супрацоўніцтве. Да каштоўнасцяў Хельсінкскага заключнага пакта і Парыжскай хартыі для новай Еўропы. Нам усім тэрмінова патрэбная моцная гісторыя поспеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і »ястрабаў«, што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасці і недастатковае разуменне, інтарэсы бяспекі ў Еўропе сумяшчальныя».
Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці быў падпісаны ў 1987 годзе ў Вашынгтоне лідарамі ЗША Рональдам Рэйганам і СССР Міхаілам Гарбачовым.
20 кастрычніка 2018 года амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дагавора з-за яго невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расейскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729. У Расеі гэтыя абвінавачванні абверглі, выставіўшы сустрэчныя прэтэнзіі. На думку Масквы, дагавор парушаюць ЗША, размяшчаючы на аб’ектах ПРА ў Еўропе пускавыя ўстаноўкі МК-41, якія распрацаваныя для запуску крылатых ракет далёкасцю 2,4 тыс. км.
У снежні 2018 года ЗША абʼявілі, што выйдуць з дамовы, калі Расея на працягу 60 дзён не вернецца да яе выканання. Дзеянне ўльтыматуму ЗША скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў пра прыпыненні ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Адначасова з гэтым быў пачаты працэс па канчатковым выхадзе краіны з дамовы, які заняў паўгода.