Лукашэнка і Лаўроў абмеркавалі ў  Менску «інтэнсіфікацыю адносін»



Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым у Менску заявіў пра гатовасць беларускага боку да «інтэнсіфікацыі адносін» з Расеяй.

Відэафрагмент сустрэчы апублікаваны ў телеграм-канале «Пул першага». «Трэба не пра нейкую перазагрузку казаць, але пра ўзмацненне, інтэнсіфікацыю нашых адносін, тэзіс абсалютна напрошваецца», – заявіў ён.

У сваю чаргу Лаўроў перадаў Лукашэнку „прывітанне” ад  Пуціна. «Ён пацвердзіў усё, пра што дамовіліся з ім раней, – сказаў кіраўнік расейскай дыпламатыі. – І асабліва вашыя дамоўленасці, якія ў Сочы падчас вашага візіту былі дасягнуты. Можна гэта па-рознаму называць, але ў нас тая ж самая мэта – прасоўвацца да ўзаемнай выгады нашых народаў, нашых краін і нашай Саюзнай дзяржавы »,  – дадаў Лаўроў.

Кіраўнік МЗС РФ не канкрэтызаваў, якія ініцыятывы ён мае на ўвазе, аднак, хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб правядзенні канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі і датэрміновых выбараў. Расейскія афіцыйныя асобы раней не раз выступалі ў падтрымку прапановы Лукашэнкі аб змене асноўнага закона і нагадвалі пра яго словы з нагоды новых прэзідэнцкіх выбараў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: belta.by