Лукашэнка і Мядзведзеў сустрэліся ў Менску
Аляксандр Лукашэнка і прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў правялі двухбаковую сустрэчу перад пачаткам пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД 28 кастрычніка ў Менску.
„На сустрэчы абмеркаваны найбольш актуальныя пытанні двухбаковых адносін і ўзаемадзеяння ў інтэграцыйных аб’яднаннях”, — паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Пра якія-небудзь падрабязнасці сустрэчы не паведамляецца.
Нагадаем, напярэдадні вечарам у Менску пасля пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета адбыліся перамовы Дзмітрыя Мядзведзева з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым. Афіцыйныя беларускія і расейскія СМІ коратка паведамілі, што прэм’еры абмеркавалі эканамічныя адносіны дзвюх краін. У пачатку сустрэчы і Кабякоў, і Мядзведзеў адзначылі, што „ёсць шэраг момантаў”, якія ім неабходна абмеркаваць. Падрабязнасці перамоваў невядомыя.
Меркавалася, што ў Менску прэм’еры абмяркуюць пытанне пра разлікі Беларусі за расейскі газ. 26 кастрычніка віцэ-прэм’ер урада РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што Беларусь пакуль не пералічыла абяцаныя за газ грошы.
„У нас не падпісаны пагадненні, паколькі яны павінны прайсці праз працэдуру пасяджэння ўрада, так што будзем абмяркоўваць яшчэ. Яны не пералічылі грошы — як мы дамаўляліся, гэта павінна быць спалучана з падпісаннем пагадненняў па некаторых іншых тэмах, а яны пакуль не падпісаныя, таму грошы і не пералічаныя. Гэта спалучаныя пытанні. Заўтра старшыня ўрада будзе ў Беларусі, я думаю, там будзе адказ атрыманы”, — сказаў Дварковіч на брыфінгу па выніках пасяджэння прэзідыума савета пры прэзідэнце РФ па мадэрнізацыі эканомікі і інавацыйным развіцці Расеі.
Згодна з беларуска-расейскімі дамоўленасцямі па вырашэнні нафтагазавага канфлікту да 20 кастрычніка Менск павінен быў пералічыць 281 млн даляраў у якасці запазычанасці за пастаўлены расейскі прыродны газ. Цана газу для Беларусі будзе разлічвацца па формуле „ЯНАА плюс” (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга — месца здабычы газу; „плюс” азначае выдаткі на транспарціроўку). Акрамя таго, Расея адновіць ранейшыя аб’ёмы паставак нафты на беларускія НПЗ, а Беларусь адменіць рашэнне пра павышэнне тарыфаў на яе транзіт. Пра ўрэгуляванне спрэчкі 10 кастрычніка віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка далажыў Аляксандру Лукашэнку.
З асаблівай цікавасцю назіраюць за перамовамі па кошту на газ на найбуйнейшым гарадзенскім прадпрыемстве „Азот”. Кажа намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч:
– “Азот” зужывае каля 10% усяго газа, які прыходзіць у Беларусь. Пры тых коштах, якія ёсць на газ, газ выкарыстоўваецца на “Азоце” як сыравіна. Натуральна прадукцыя не можа быць канкурэнтаздольнай, і таму “Азот” апынуўся ў ліку прадпрыемстваў, якія працуюць з велізарнымі стратамі. Яны ўсё роўна адбіваюцца на эканоміцы гарадзенскага “Азота”, ад гэтага залежаць і кошт прадукцыі, канкурэнтаздольнасць яе на сусветным рынку.
19 кастрычніка старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур заявіў пра наяўнасць сродкаў для разлікаў за газ, а 21 кастрычніка міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык сцвярджаў, што грошы за газ „сёння пералічваем”.