Лукашэнка: Пуцін зрабіў нечаканую прапанову па пастаўках нафты (абноўлена)



Уладзімір Пуцін патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку і прапанаваў, у прыватнасці, кампенсаваць Менску страты ў 300 млн долараў з-за расейскага падатковага манеўру.

„Прэзідэнт Расеі патэлефанаваў, вы ведаеце, што ў нас часам узнікаюць спрэчкі па асобных пытаннях. Ён унёс прапанову, каб мы над ёй падумалі, у тым ліку і па пастаўках нафты ў Беларусь. Мы, вядома, цяпер (гэта нечаканая была прапанова) спрабуем пралічыць яе. Але гэта, напэўна, не мае значэння. Таму што тавар расейскі. Расея можа прадаваць яго па справядлівых цэнах, можа прадаваць не па справядлівых. Таму што манапаліст. Мы ні ад каго больш нафту не атрымлівалі. Тое ж самае і па газе”, — прыводзіць тэлеграм-канал „Пул Першага” відэасюжэт з выступленнем Лукашэнкі 21 лютага на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці РФ Ігарам Арловым.

Паводле яго слоў, Пуцін прапанаваў формулу, каб палічыць, колькі ад змяншэння мытнай пошліны ў 2020 годзе Беларусь страціць да ўзроўню мінулага года. „Калі мы атрымлівалі летась ад пошліны 1 млрд долараў, дапусцім, а сёлета за кошт зніжэння гэтай самай пошліны (яна ж увесь час зніжаецца) атрымаем, дапусцім, 700 млн долараў. Ён сказаў: мы 300 млн долараў кампенсуем. У тым ліку за кошт прэмій кампаніям. Такая прапанова. Гэта хоць нейкі шлях да развязкі тых спрэчак”, — адзначыў беларускі кіраўнік.

„Па нафце пытанне стаіць так, што Расія гатовая нам захаваць фінансавы ўзровень па нафце мінулага года. Ну хоць нейкі рух наперад. Мы зараз палічым гэта ўсё. Але падлік гэты практычна не мае ніякага значэння. Таму што іншага варыянта пакуль няма з боку Расіі. Прасілі, каб мы таргавалі па сусветнай цане нафту. Але кампаніі на гэта не згаджаліся. Да сусветнай цаны яны яшчэ прасілі дадаць 12 долараў прэміі. Таму што ў нас, ці бачыце, маржынальныя рынкі — Еўропы, Украіны, беларускі рынак”, — прыводзіць словы Лукашэнкі таксама расійскі тэлеграм-канал „Пул № 3”.

Пра тэлефонную размову Лукашэнкі і Пуціна 21 лютага паведаміла і прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

„У цэнтры ўвагі кіраўнікоў дзяржаў былі пытанні паставак энергарэсурсаў. Падчас размовы Уладзімір Пуцін абвясціў новыя прапановы па ўрэгуляванні сітуацыі ў нафтавай сферы. У прыватнасці, была адзначаная гатоўнасць расійскага боку кампенсаваць страты Беларусі ад зніжэння мытных пошлін на расійскую нафту ў гэтым годзе (адносна 2019 года), у межах правядзення ў Расіі падатковага манеўру, за кошт прыбытковасці (або прэміі) расійскіх нафтавых кампаній”, — гаворыцца ў паведамленні.

Закранулі кіраўнікі дзяржаў таксама тэму будаўніцтва Беларускай АЭС, магчымыя перспектыўныя двухбаковыя праекты. Падрабязна абмеркавалі вынікі візіту Лукашэнкі ў Егіпет з акцэнтам на сумесную беларуска-расійскую працу ў гэтай краіне, адзначыла прэс-служба.

* * * 

Уладзімір Пуцін прапанаваў кампенсаваць Менску даходы ў 300 млн долараў, якія „выпадаюць з-за падатковага манеўру”, паведамляе расейскі тэлеграм-канал „Пул № 3”.

Пра тэлефонную размову Лукашэнкі і Пуціна 21 лютага паведамляе таксама беларускі тэлеграм-канал „Пул Першага”. „Цэнтральная тэма тэлефоннай размовы прэзідэнтаў Беларусі і Расеі — пастаўкі нафты”, — гаворыцца ў паведамленні.

Афіцыйнай інфармацыі пра гутарку пакуль няма.

У снежні 2019 года Беларусь і Расія ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, у адпаведнасці з якім у 2020 годзе Беларусь павінна атрымаць 24 млн тон расійскай нафты.

У пачатку 2020 года расійскія кампаніі спынілі пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці падпісаных кантрактаў. Нафту не пастаўляюць без прэміі да цаны, якая складае прыблізна 10 долараў за тону. У Беларусі адмовіліся яе плаціць, спасылаючыся на тое, што з-за падатковага манеўру цана расійскай нафты і так павялічылася. Цяпер яна складае 83% сусветнай.

1 лютага дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа паводле вынікаў перамоў з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што амерыканскія „вытворцы энергарэсурсаў гатовыя забяспечыць” Беларусь „неабходнай нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах”.

Лукашэнка 14 лютага заявіў, што Беларусь не будзе плаціць прэміі расійскім нафтавым кампаніям, раз яны пастаўляюць прадукт па сусветнай цане. Тады ж ён папярэдзіў, што Беларусь пачне адбор транзітнай расійскай нафты з нафтаправода „Дружба”, калі Расія ў лютым не паставіць нафту ў патрэбных аб’ёмах.

belapan.by

Фота РИА „Новости”