Лукашэнка і Пуцін зноў пра нешта дамовіліся
У кулуарах саміту Еўразійскага эканамічнага саюза ў Нур-Султане 29 траўня, Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся даручыць сваім урадам прапрацаваць пытанні інтэграцыі да 21 чэрвеня, паведамляе „Расійская газета” са спасылкай на прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова.
„Яны мелі магчымасць пагаварыць у кулуарах і абмеркавалі пытанні прасоўвання інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, — паведаміў журналістам Пяскоў. — І прынялі рашэнне даручыць урадам прапрацаваць і зверыць сустрэчныя планы дзеянняў па шляху паглыблення інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы да 21 чэрвеня”.
Калі ўрады скончаць гэтую частку працы, у справу ўключацца кіраўнікі абедзвюх дзяржаў, дадаў Пяскоў.
Адказваючы на пытанні, прэс-сакратар Пуціна таксама паведаміў, што сітуацыю вакол няякаснай нафты ў трубаправодзе „Дружба” прэзідэнты не абмяркоўвалі — „гэтым займаюцца тэхнічныя ведамствы”.
З ініцыятывай перагледзець падыходы да інтэграцыі Расея выступіла ў канцы мінулага года. На апошнім пасяджэнні саюзнага Савета міністраў, 13 снежня ў Берасці, расейскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў заявіў, што Расея гатовая прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда і падліковай палаты. Мяркуючы па публічных заявах расейскіх чыноўнікаў, са ступенню інтэграцыі Крэмль звязвае далейшае льгатаванне беларускай эканомікі.
Згодна з дамоўленасцю прэзідэнтаў Беларусі і Расеі на ўзроўні ўрадаў створаная рабочая група па праблемных пытаннях інтэграцыі. У пачатку сакавіка стала вядома, што Расея перадала Беларусі пакет прапаноў аб далейшым паглыбленні інтэграцыі, а 18 красавіка кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей паведаміў журналістам, што Беларусь накіравала расійскім партнёрам свае прапановы па далейшай інтэграцыі. Сутнасць прапаноў бакі не раскрываюць.