Лукашэнка і Пуцін паразмаўлялі праз тэлефон
30 жніўня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, паведамілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка дзяржавы.
„Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі бягучы парадак дня і развіццё двухбаковых адносінаў, у тым ліку працу над рэалізацыяй дамоўленасцяў, дасягнутых падчас папярэдніх асабістых сустрэч. Прэзідэнты абмяняліся думкамі і па міжнародных пытаннях”, — паведаміла прэс-служба.
Тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным адбылася на наступны дзень пасля візіту ў Менск памочніка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана. Як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, замест запланаваных 45 хвілін Лукашэнка і Болтан размаўлялі больш за дзве з паловай гадзіны. Пасля заканчэння перамоў у пашыраным складзе яны перайшлі ў працоўны кабінет Лукашэнкі, дзе сам-насам гаварылі больш за паўгадзіны.
Напярэдадні візіту Болтана ў Менск прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заяўляў, што Крэмль расцэньвае візіт Болтана ў Беларусь як унутраную справу Мінска. Ён заўважыў, што казаць пра цеснае супрацоўніцтва Мінска і Вашынгтона пакуль не выпадае, „Гэта — візіт на працоўным узроўні”. Каментуючы інфармацыю пра тое, што Беларусь разглядае магчымасць закупляць амерыканскую нафту, Пяскоў заявіў, што гэта — „пытанне эканамічнай мэтазгоднасці”. У той жа час прадстаўнік Крамля нагадаў, што партнёрства Расеі і Беларусі працягваецца, і выказаў упэўненасць у далейшым развіцці двухбаковых адносін.
У канцы 2018 года Масква ініцыявала больш цесную інтэграцыю Расеі і Беларусі ў межах Саюзнай дзяржавы. У снежні Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. Яны дамовіліся аб стварэнні рабочых груп „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”.
18 ліпеня на перамовах у Санкт-Пецярбургу Лукашэнка прапанаваў Пуціну вырашыць усе праблемы інтэграцыі да снежня, калі будзе адзначацца 20-годдзе падпісання дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.
Міністр эканамічнага развіцця РФ Максім Арэшкін 9 жніўня па выніках сустрэчы кіраўнікоў урадаў Дзмітрыя Мядзведзева і Сяргея Румаса заявіў, што Расеі і Беларусі ўдалося зняць практычна ўсе рознагалоссі па пытаннях інтэграцыі. Паводле слоў Арэшкіна, на працягу месяца прэм’ер-міністры могуць фіналізаваць дасягнутыя дамоўленасці. Якія менавіта, чыноўнік не ўдакладніў. Спатрэбіцца вялікая праца па гарманізацыі заканадаўства, напрыклад, стварэнне адзінага падатковага кодэкса.