Лукашэнка і Пуцін паразмаўлялі па тэлефоне



15 красавіка адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, абмяркоўвалася развіццё беларуска-расейскіх адносін. Суразмоўцы таксама абмяняліся думкамі па пытаннях міжнароднага парадку дня і абмеркавалі графік маючых адбыцца сустрэч.

Лукашэнка і Пуцін „больш падрабязна спыніліся на актуальных пытаннях супрацоўніцтва” напярэдадні візіту ў Мінск дэлегацыі ўрада Расіі на чале з прэм’ер-міністрам Міхаілам Мішусціным.

Прэс-служба Крамля ў сваю чаргу паведамляе, што падчас размовы абмеркаваныя „некаторыя важныя пытанні двухбаковага парадку дня”, суразмоўцы таксама выразілі „узаемны настрой на далейшае ўсебаковае ўмацаванне расійска-беларускіх саюзніцкіх адносін”.

„У кантэксце толькі што праведзенага візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Азербайджан закраналася таксама тэма нагорнакарабахскага ўрэгулявання. Дамоўлена працягваць кантакты на розных узроўнях”, — гаворыцца ў паведамленні.

Па чыёй ініцыятыве адбылася тэлефонная размова, прэс-службы Лукашэнкі і Пуціна не паведамляюць.

belapan.by