Лукашэнка і Пуцін плануюць у лютым сустрэцца ў Маскве
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плануюць правесці ў лютым перамовы ў Маскве, паведаміла 2 лютага газета „Известия” са спасылкай на прэс-сакратара прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Пяскова.
Паводле яго слоў, сустрэча кіраўнікоў дзвюх дзяржаў можа адбыцца ў першай палове лютага ў рамках пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Ён адзначыў, што на парадку дня перамоваў — у тым ліку пытанне энергетычнага супрацоўніцтва дзвюх краін.
Масква і Менск дагэтуль не дасягнулі дамоўленасцяў з нагоды фармавання цаны на газ і не ўрэгулявалі пытанне аплаты доўгу Беларусі за пастаўленыя аб’ёмы.
Пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета (галоўны орган Саюзнай дзяржавы) праходзіць па чарзе ў Расеі і Беларусі раз на год. У ім бяруць удзел кіраўнікі дзяржаў, парламентаў, прэм’ер-міністры і члены ўрадаў дзвюх краін.
Паводле інфармацыі апарата пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, сустрэча Лукашэнкі і Пуціна знаходзіцца ў стадыі падрыхтоўкі, аднак дакладная дата пасяджэння пакуль не ўзгодненая. Расея як бок, які прымае, прапанавала правесці яго 9 лютага, але Беларусь пакуль не дала свайго пацвярджэння.