Лукашэнка і Пуцін праінспектуюць вучэнні „Захад-2017”



Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін плануюць разам наведаць стратэгічныя вучэнні „Захад-2017”, у межах якіх пройдуць маштабныя манеўры вайскоўцаў дзвюх армій, паведаміў газеце „Известия” прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.

Паводле яго слоў, апошні раз Лукашэнка і Пуцін разам назіралі за манеўрамі дзвюх армій чатыры гады таму падчас вучэнняў „Захад-2013” — спачатку ў Гарадзенскай вобласці Беларусі, пасля чаго пераляцелі ў Калінінградскую вобласць Расеі, дзе на марское ўзбярэжжа высадзіўся дэсант.

Гэтым разам, паведаміў Пяскоў, кіраўнікі дзвюх дзяржаў маюць намер наведаць ваенны палігон у адным з расейскіх рэгіёнаў.

Сумесныя расейска-беларускія стратэгічныя вучэнні „Захад-2017” пройдуць з 14 па 20 верасня. Агульная колькасць асабовага складу, які ўдзельнічае ў вучэннях, складзе каля 12.700 вайскоўцаў. Пры гэтым на тэрыторыі Беларусі будзе задзейнічана каля 10.200 чалавек (ад Беларусі — крыху больш за 7 тысяч, ад Расеі — каля 3 тысяч), 370 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў, да 150 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, больш за 40 самалётаў і верталётаў. Пра гэта 2 жніўня былі апавешчаныя дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ згодна з Венскім дакументам 2011 года.

Як заявіў 29 жніўня на брыфінгу ў Менску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі, кіраўнік вучэнняў ад беларускага боку генерал-маёр Алег Белаконеў, падрыхтоўка да вучэнняў „праходзіць ва ўмовах няпростага ваенна-палітычнага становішча ў рэгіёне”. Ён звярнуў увагу, што ля заходніх межаў Саюзнай дзяржавы — у краінах Балтыі і Польшчы — створаныя перадавыя камандныя цэнтры НАТА, з 25 тысяч да 40 тысяч чалавек вырасла колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА, чатыры шматнацыянальныя батальённыя тактычныя групы альянсу прыведзеныя ў поўную аператыўную гатоўнасць. У Польшчы разгорнутая танкавая брыгада ЗША. Паводле слоў Белоконева, агульная колькасць толькі замежных вайсковых кантынгентаў у Польшчы і краінах Балтыі складае каля 8 тысяч вайскоўцаў, 72 танкі, каля 250 баявых браніраваных машын, 16 гаўбіц і 17 верталётаў.