Лукашэнка і Пуцін правядуць перамовы ў Сочы



Аляксандр Лукашэнка накіраваўся з візітам у Расею, паведаміла яго прэс-служба.

Праграмай візіту запланаваны перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, якія пройдуць у Сочы.

Кіраўнікі дзяржаў падрабязна абмяркуюць шырокі спектр пытанняў у развіцці беларуска-расейскага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў інтэграцыйных аб’яднаннях і на міжнародных пляцоўках, сусветны парадак дня, паведамляе прэс-служба.

Нагадаем, Пуцін 23 ліпеня падчас тэлефоннай размовы запрасіў Лукашэнку ў найбліжэйшы час наведаць Расею. Як адзначалася, магчымая сустрэча кіраўнікоў дзяржаў, падчас якой плануецца дэталёва абмеркаваць увесь спектр двухбаковых адносін, можа адбыцца ў Сочы.

Аляксандр Лукашэнка падчас прызначэння новага ўрада 18 жніўня адрэагаваў на каментары ў СМІ і інтэрнэце пра стасункі з Расеяй і знешнюю палітыку краіны.

„Некаторыя, асабліва расіяне,” плявузгаюць”, інакш не скажаш: „Лукашэнка хоча нешта паказаць або паказацца Пуціну”. Слухайце, мы адзін аднаго ведаем, напэўна, больш за 20 гадоў. Мне што паказваць трэба Пуціну? Ён мяне ведае, як у народзе кажуць, як аблупленага. І я яго гэтак жа ведаю. Што нам адзін аднаму яшчэ паказваць? Я ў Крэмль даваць справаздачу не езджу. Мы дамовіліся пра нашы ўзаемаадносіны. У нас самыя прасунутыя адносіны — у саюзе Беларусі і Расеі. Мы заключылі масу, больш за сотню нарматыўна-прававых актаў, у нас створана пэўная база. Мы вусна можам прымаць рашэнні і рэалізоўваць іх. У нас вельмі добрыя і блізкія адносіны”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Але што мы хочам ад Расеі? Калі Расея падпісала з Беларуссю дагавор, пагадненне, мы патрабуем, каб гэта бездакорна выконвалася, — заявіў ён. — І я адкрыта кажу, што мы ніколі не станем васаламі ні адной краіны. Не трэба ад нас патрабаваць, як некаторыя пачынаюць ужо на злобу дня пісаць: „Трэба хутчэй Лукашэнку ўступіць у склад Расеі і Беларусь туды скінуць”.

„Гэта будуць апошнія дні палітыка ў Беларусі, які прыме такое рашэнне. І навошта гэта ў сучасным свеце? Мы можам існаваць у саюзе з Расеяй і вырашаць нашы агульныя задачы без аніякіх праблем. Гэта самая блізкая нам краіна. Мы адзін народ фактычна, мы ад аднаго кораня — беларусы, расіяне і ўкраінцы”, — лічыць Лукашэнка.

„Мы не хочам паўтарэння таго, што адбываецца ва Украіне з Расеяй, — канфлікт гэты. Нам гэта не трэба. І Расеі гэта не трэба. Таму што ў яе адзінае акно ў 1 тыс. км з усходу на захад — гэта Беларусь. Расея мае патрэбу ў стабільнай Беларусі”, — заявіў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што Расея баіцца страціць Беларусь, некаторыя кажуць, што рэспубліка развярнулася на Захад. „Ды нікуды мы не разварочваліся і разварочвацца не збіраемся. Наш лёс вызначаны Госпадам — быць тут, у цэнтры Еўропы. Вось гэтым трывалым моцным мостам паміж Усходам і Захадам”, — падкрэсліў Лукашэнка.

belapan.by