Лукашэнка і Пуцін рыхтуюць да падпісання 28 праграм
Беларускі і расейскі бакі рыхтуюць да падпісання 28 саюзных праграм, якія раней называліся „дарожнымі картамі” па шляху паглыблення інтэграцыі.
Як заявіў у Маскве на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка, паведамляе прэс-служба Крамля, усё пачалося ў Сочы тры гады таму, калі „нас увесь час крытыкавалі: а чаго няма дынамікі, няма развіцця ў Саюзнай дзяржаве, – і тады вырашылі адрэагаваць. Тады былі напісаныя больш за 30 „дарожных мап”, схематычна прадставілі, што трэба зрабіць”.
Ён адзначыў, што бакі гатовыя завяршаць абмеркаванне 28 праграм. „Гэта – вельмі шмат, гэта – асноўныя буйныя тэмы і напрамкі нашага супрацоўніцтва”, – лічыць Лукашэнка.
Кіраўнік Беларусі лічыць, што „гэта будзе прарыў у многіх сферах – гэта не таямніца, апублікуем гэтыя праграмы, пакажам, па якіх напрамках працавалі”.
Бакі добра памятаюць фіяска перамоў 2019 года аб дарожных мапах паглыблення інтэграцыі (іх цяпер перайменавалі ў саюзныя праграмы). у апошні момант Лукашэнка пайшоў на папятную. Аднак цяпер незалежныя эксперты схіляюцца да прагнозу, што сёлета саюзныя праграмы будуць падпісаныя.