Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца 13 лютага ў Сочы
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным адбудзецца 13 лютага ў Сочы.
Як паведаміў газеце „Известия” прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, кіраўнікі абмяркуюць спрэчныя пытанні двухбаковых адносін, а таксама дзейнасць Саюзнай дзяржавы, у тым ліку расейска-беларускай рабочай групы.
Нагадаем, 31 студзеня адбылася тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным. Падчас размовы яны абмеркавалі „ўсе пытанні агульнага характару ў адносінах дзвюх краін”, паведаміла прэс-служба беларускага прэзідэнта. У тым ліку гаворка ішла аб наданні „найбольшай эфектыўнасці” працы міжурадавай групы па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы, гаварылася ў паведамленні. Кіраўнікі дзвюх дзяржаў дамовіліся ў найбліжэйшы час правесці сустрэчу, на якой яны плануюць абмеркаваць рэалізацыю дамоўленасцяў, дасягнутых на перамовах у Крамлі ў канцы мінулага года.
Галоўная праблема ў беларуска-расейскіх адносінах на сёння — гэта падзенне даходаў беларускага бюджэту з-за расійскага падатковага манеўру ў нафтавай сферы. У Менску налічылі каля 15 млрд долараў стратаў і разлічваюць на кампенсацыю. Масква ставіць прэферэнцыі ў залежнасць ад ступені інтэграцыі дзяржаў.
У снежні Лукашэнка і Пуцін двойчы сустракаліся ў Маскве. 25 снежня яны дамовіліся аб стварэнні рабочай групы „для вырашэння пытанняў у рамках далейшай інтэграцыі дзвюх краін”. Наступныя перамовы адбыліся 29 снежня і доўжыліся тры з паловай гадзіны. Афіцыйна іх вынікі апублікаваныя не былі.
10 студзеня на нарадзе з урадам Лукашэнка паведаміў, што падчас сустрэчы з Пуціным у канцы снежня абмяркоўваліся праблемныя пытанні двухбаковых адносін, у тым ліку — кампенсацыя беларускаму боку ў сувязі з падатковым манеўрам у Расеі ў нафтавай сферы. „Практычна ўсе праблемы ў адносінах паміж краінамі вырашаны ў больш ці менш прымальным варыянце, — заявіў ён. — Ніякага непрымання па пытанні кампенсацыі не было. <…> Больш за тое, прэзідэнт Расеі прапанаваў і ў новым годзе працягнуць перамовы па гэтым пытанні і выпрацаваць прымальнае рашэнне — і адзін на адзін, і ў складах працоўных груп”.
Лукашэнка падкрэсліў, што гэта пытанне трэба было ўрэгуляваць да 1 студзеня, але „ніякай катастрофы з-за таго, што яно пакуль не вырашана, на сённяшні дзень няма”. „Страты ад падатковага манеўру ў Беларусі ў гэтым годзе складуць смешную суму: пры 70 доларах за бараль гэта будзе каля 400 млн долараў, гэта не катастрофа. Але мы на гэта пайсці не можам, таму што з 2015 года, калі быў уведзены гэты падатковы манеўр, мы ўжо страцілі 3,6 млрд долараў. Да заканчэння гэтага падатковага манеўру, да 2025 года, мы страцім 10,6 млрд долараў”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.