Лукашэнка і Зяленскі абмеркавалі па тэлефоне шэраг пытанняў



31 ліпеня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Як паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка, Лукашэнка павіншаваў украінскага калегу з паспяховым правядзеннем палітычных кампаній, пажадаў поспехаў у фарміраванні органаў улады і ў далейшай працы.

Зяленскі зноў пацвердзіў запрашэнне, накіраванае раней у адрас кіраўніка беларускай дзяржавы, наведаць Украіну ў рамках II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які адбудзецца ў кастрычніку гэтага года ў Жытоміры. Лукашэнка запрашэнне прыняў, адзначыўшы, што „як ініцыятар і сааўтар гэтага мерапрыемства бачыць яго высокую эфектыўнасць і карысць для эканомік абедзвюх краін”.

Зяленскі падрабязна расказаў Лукашэнку пра сітуацыю ў Данбасе і падзякаваў за арганізацыю эфектыўнай перамоўнай пляцоўкі і ў цэлым за тую ролю, якую адыгрывае Беларусь у справе ўрэгулявання гэтага канфлікту. Лукашэнка запэўніў, што Менск працягне і ў далейшым прыкладаць усе намаганні для ўрэгулявання сітуацыі ў рэгіёне і Украіна заўсёды можа разлічваць на Беларусь на як краіну, якая прыхільная да мірных ініцыятыў і працэсаў.

Лукашэнка і Зяленскі таксама абмеркавалі пытанні эканамічнага ўзаемадзеяння і гандлю, у прыватнасці развіццё супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі. Асаблівую ўвагу суразмоўцы надалі ходу ўборачнай кампаніі ў абедзвюх краінах, адзначае прэс-служба.

Яшчэ адной тэмай размовы стала ўзаемадзеянне і забеспячэнне нацыянальнай бяспекі абедзвюх краін у энергетычнай сферы.

„Зяленскі таксама павіншаваў Лукашэнку з бліскучым правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў, падкрэсліўшы, што ва Украіне сачылі і за ходам спаборніцтваў, і, безумоўна, за выступленнем сваіх спартсменаў. Лукашэнка ў адказ павіншаваў калегу з высокім вынікам украінскай зборнай”, — гаворыцца ў паведамленні.

Лукашэнка таксама запрасіў прэзідэнта Украіны наведаць Беларусь „у любы час і ў любым фармаце”. Зяленскі гэта запрашэнне прыняў, паведамляе прэс-служба.

belapan.by