Лукашэнка ізноў загаварыў пра транзіт улады



Аляксандр Лукашэнка ізноў загаварыў пра канстытуцыйны рэферэндум і пра транзіт улады, – што не збіраецца трымацца за ўладу „пасінелымі пальцамі”.

Але па меркаванні старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), палітолага Ігара Барысава, гэтыя заявы хутчэй гульня. Праводзіць такі рэферэндум Аляксандру Лукашэнку зараз не выгадна:

– Я мяркую, што тое, што зараз адбываецца, гэта бадай самы найлепшы расклад для Аляксандра Лукашэнкі: хай будзе ўсё так, як ёсць. І мяняць абсалютна не выгадна, таму што невядома, на якім этапе можа адбыцца збой. А губляць час улады, альбо сыходзіць на нейкую незразумелую новую пасаду,  гэта таксама выклік. Ёсць такая прымаўка ў ангельцаў, якія кажуць: “Лепш зрабіць тое, што ты ўжо рабіў, і памыліцца чарговы раз, чым зрабіць нешта новае”. І змены ў Канстытуцыю праз рэферэндум – гэта тое новае, якое выглядае абсалютна незразумелым і з незразумелым канцом, чым гэта ўсё можа скончыцца ў тым ліку і для яго.

РР: Але ж у грамадстве ёсць чаканні. Усе памятаюць ягонае абяцанне. І калі ўсё гэта будзе зацягвацца, можа людзі ізноў абурацца?

Ігар Барысаў: Мы ўжо насычаныя рознага кшталту абяцаннямі: і правядзеннем свабодных справядлівых выбараў, і правядзеннем рэферэндуму ў Берасці, і заробкамі 500 даляраў і 1000. Але мы бачым, што гэтая рыторыка папулісцкая. І не адпавядае рэчаіснасці. Таму мы ведаем кошт гэтых словаў. І спадзявацца на тое, што ўсё будзе выканана, як было сказана, гэта цалкам марна.

Намеснік старшыні незалежнага прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч:

– Просты народ не чакае гэтага рэферэндуму. Ён зараз думае пра тое, як сёння жыць у гэтых эканамічных абставінах. Калі няма ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Гэта сёння трэба дзеючай уладзе, каб нейкім чынам маніпуляваць грамадскай думкай. Сёння на першы план выходзіць, безумоўна, пандэмія. На мой погляд, трэба ў першую чаргу думаць не пра рэферэндум, а як умацаваць здароўе нашых грамадзян. І падняць іх дабрабыт.

Ігар Барысаў: Мы ведаем досвед 1996 года, калі з увядзеннем новай рэдакцыі Канстытуцыі Лукашэнка пралангаваў свае паўнамоцтвы яшчэ на два гады. І атрымаліся выбары не ў 1999, а ў 2001 годзе. Таму не выключаю, што калі будзе рэферэндум, то падобнага кшталту сюрпрызы будуць закладзены ў пытанні як увядзення новай рэдакцыі, альбо новай Канстытуцыі ў дзеянне, так і ў пытанні пралангацыі паўнамоцтваў і ў пытанні правядзення выбараў. Вось гэта пытанні, на якія пакуль няма адказу. Я думаю, што і наменклатура адназначна на ўсё гэта адказаць не можа. Таму што разумеюць, што Лукашэнка не дапусціць, што хтосьці можа быць над ім. Гэта проста неймаверна.

Трэба памятаць, што 27 год Лукашэнка меў фактычна карт – бланш на прыняцце ўсіх рашэнняў у Беларусі і наўрад ці збіраецца адмаўляцца ад гэтага, – лічыць Ігар Барысаў.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя