Лукашэнка Кадыраву: З вамі ў нас няма праблем
Супрацоўнічаючы з несумленнымі бізнесменамі, Беларусь страціла сотні мільёнаў даляраў, але з Чачэнскай Рэспублікай у яе праблем няма, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Чачні Рамзанам Кадыравым 25 верасня ў Менску.
«З вамі ў нас няма праблем, таму што ў вас дзяржаўная структура мае моцную ўладу, вельмі моцны ўплыў на ўсе сектары. Дакладна гэтак жа і ў нас«, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.
Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі і Чачні ёсць магчымасці для пашырэння кааперацыі ў розных сферах. У прыватнасці ён бачыць перспектывы для супрацоўніцтва ў сувязі з запускам у Чачні аўтамабільнай вытворчасці. «У нас ёсць прадпрыемствы, якія маюць вопыт супрацоўніцтва з Расеяй, дапусцім «Аўтакампаненты». Мы можам супрацоўнічаць з вамі. Вядома, вы можаце гэтыя аўтакампаненты, шчыра кажучы, купіць у любой краіне, з любым бізнесменам дамовіцца. Але мы вам гарантуем не толькі якасць і цану, але і сур`ёзную абавязковасць. У нас дзяржава адказвае за такія рэчы», — сказаў Лукашэнка.
Перспектыўнымі галінамі для супрацоўніцтва ён назваў машынабудаванне і нафтахімічную прамысловасць. «Можам прапанаваць свае паслугі, калі вы яшчэ глыбока займаецеся пытаннямі здабычы нафты, перапрацоўкі. Наша кампанія «Беларуснафта» працуе ў многіх частках свету», — сказаў ён.
Асаблівая ўвага ў час перагавораў было нададзена вытворчасці пасажырскай і камунальнай тэхнікі. «Паглядзіце — калі вам спадабаецца, паспрабуйце і ў сябе. Можам стварыць сумесную вытворчасць і з вамі вырабляць гэтую тэхніку», — адзначыў Лукашэнка.
Акрамя таго, дадаў ён, беларускія спецыялісты могуць падключыцца да развіцця ў Чачэнскай Рэспубліцы сельскай гаспадаркі і сяла ў цэлым. «Каўказ заўсёды славіўся узроўнем развіцця сяла. Я ўпэўнены, на Каўказе сяло заўсёды будзе існаваць, будзе жыць. Можа, нешта вы знойдзеце і ў нас карыснае», — сказаў Лукашэнка.
Асобную ўвагу, паводле яго слоў, трэба надаць развіццю турызму.
«Мы для вас абсалютна адкрытыя: глядзіце, вывучайце. Нешта нам падкажаце, нешта мы вам падкажам. Але гэты візіт павінен быць пачаткам добрага супрацоўніцтва з вашым рэгіёнам», — падкрэсліў Лукашэнка.
Пасля сустрэчы Рамзан Кадыраў заявіў журналістам, што сустрэча яму вельмі спадабалася. «Я яшчэ даўно вельмі хацеў сустрэцца, пагутарыць. У мяне, на жаль, адзін раз не атрымалася прыехаць, я за гэта атрымаў заўвагу. Думаю, сёння мы знайшлі адказы на ўсе пытанні», — цытуе Кадырава беларускае дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Паводле слоў чачэнскага кіраўніка, перамовы былі плённымі, дасягнута дамоўленасць аб развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва па канкрэтных кірунках. «Чачэнская Рэспубліка сёння — адзін з самых развіваных рэгіёнаў на Паўночным Каўказе. Калі зрабіць добры пілотны праект у сельскай гаспадарцы, трактарабудаванні, гэта будзе вельмі перспектыўна. Усе кірункі, якія існуюць, нам вельмі цікавыя, таму што Беларусь паказвае добрыя вынікі», — сказаў Кадыраў.
Што да першых уражанняў ад знаходжання ў Беларусі, то, як заявіў Кадыраў, Менск — чысты і прыгожы горад. «Адчуваецца, што ёсць гаспадар. Мне вельмі падабаецца тут», — сказаў кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі.
„Мы вельмі добра дасведчаныя аб развіцці Чачэнскай Рэспублікі, вельмі рады за гэта. Вы проста малайцы: паднялі з руін, з попелу свой кавалак зямлі, усялілі ўпэўненасць у народ, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Для нас Чачэнская Рэспубліка — вельмі перспектыўны, аўтарытэтны рэгіён. Мы хацелі б не толькі супрацоўнічаць з Грозным, але з вамі разам працаваць і на Каўказе, што датычыцца эканамічных адносін”.
Лукашэнка выказаў упэўненасць у перспектыўнасці такога ўзаемадзеяння. „Але размова ідзе толькі пра высокатэхналагічны прадукт, які сёння запатрабаваны ў вашым рэгіёне і Расеі наогул. У адваротным выпадку вырабляць тое, што нікому не патрэбна, і не трэба”, — дадаў ён.