Лукашэнка хоча перанесці вопыт Фінляндыі
Вопыт Фінляндыі ў лепшых сектарах эканомікі трэба перанесці ў Беларусь. Пра гэта заявіў Аляксандра Лукашэнка 18 верасня пры прызначэнні Аляксея Самасуева паслом у Фінляндыі, паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта.
„У нас дрэнныя пазіцыі ў Фінляндыі, а краіна ж вельмі цікавая нам, — сказаў Лукашэнка. — І ёсць кірункі эканомікі абсалютна падобныя, асабліва дрэваапрацоўка. Нам трэба працаваць у тым кірунку, каб вопыт Фінляндыі ў лепшых сектарах эканомікі перанесці на тэрыторыю Беларусі. Абавязкова ў гэтым кірунку трэба рухацца. Трэба працаваць на палітычнае збліжэнне. Але галоўнае, каб быў вынік у эканоміцы”.
Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, ці справіцца з пастаўленымі задачамі новы пасол. Паводле інфармацыі прэс-службы, Макей заявіў: у яго ёсць упэўненасць, што праца па развіцці супрацоўніцтва з Фінляндыяй будзе палепшана, ахарактарызаваўшы дыпламата як вопытнага чалавека.
