Лукашэнка хоча зладзіць у Менску сустрэчу Пуціна, Назарбаева і Парашэнкі
Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым ініцыятыву сустрэчы ў Менску прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі і Украіны.
Тэлефонныя размовы Лукашэнкі і Пуціна цягам учарашняга дня адбываліся двойчы. Прэсавая служба Лукашэнкі паведамляе:
«Адной з цэнтральных тэм чарговы раз стала ініцыятыва правядзення сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі, Украіны. Прэзідэнт Беларусі даўно прапанаваў правесці яе ў Менску, каб абмеркаваць тыя праблемы, якія могуць паўстаць ва Украіны з Мытным саюзам у сувязі з падпісаннем пагаднення аб асацыяцыі з ЕЗ і канфрантацыяй, якая працягваецца. Аб прапрацоўцы такой ідэі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна заявіў на сустрэчы з лідарамі кампартый Расеі і Украіны – Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам», — адзначае прэс-служба.
На думку палітычнага аглядальніка Валера Карбалевіча, заявы пра мірныя сустрэчы ў Менску – самапіяр кіраўніка Беларусі:
– Гэта толькі ініцыятыва Лукашэнкі, пакуль яна не атрымала падтрымкі іншых бакоў. У тым выглядзе, як гэта зараз адбываецца, гэта самапіяр Лукашэнкі.
Тэмай будучай сустрэчы стала таксама прадметам абмеркавання ў тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева.
Лукашэнка праінфармаваў кіраўнікоў Казахстана і Расеі аб праведзенай напярэдадні позна вечарам тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sb.by і belta.by