Лукашэнка: Хочам, каб Расея выконвала падпісаныя пагадненні
Адзінае, чаго хоча Беларусь ад Расеі, гэта каб яна выконвала дасягнутыя і падпісаныя дамоўленасці і пагадненні, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1”, які быў паказаны ў вячэрнім эфіры 26 жніўня.
„Разумееце, падпісана — гэта норма. Гэта добрая рыса для любой дзяржавы. Тым больш вялікай дзяржавы. Калі ўжо падпісаў, выконвай. Не выконваеш — да цябе няма даверу. Таму мы хочам адзінае: выконвайце тое, пра што мы дамовіліся”, — сказаў ён.
Часам, адзначыў Лукашэнка, краіны дамаўляюцца, а выканання няма. „І прычына не ў беларускай плоскасці. Калі мы падышлі да пытання абмеркавання праблематыкі нашай, я сказаў: „Уладзімір Уладзіміравіч, для нас вось момант наступіў, для нас вельмі важна, беларусаў. І перш за ўсё (вы ўжо ведаеце, што я яму неяк раней пра гэта казаў) эліта нашага грамадства, калі так можна сказаць, журналісты, палітыкі, чыноўнікі, дзяржаўныя служачыя, ваенныя і гэтак далей хочуць ведаць, чаго хоча Расея ад Беларусі”. Хіба ў вас не ўзнікае такога пытання? Вось вы акунуліся ў беларуска-расійскую праблематыку, і ў вас паўстала пытанне: слухайце, нібыта мы і тое зрабілі, і так па-добраму ставімся, і так, і тым не менш правальваюцца нашы дамоўленасці, не выконваюцца. У сродках масавай інфармацыі (і не толькі) з’яўляюцца прэтэнзіі да Беларусі, якіх на справе не існуе„, — сказаў ён.
У якасці прыкладу Лукашэнка прывёў праблему з пастаўшчыкамі харчавання. „Чым горшае нашае харчаванне за расійскае? І чаму яно пры парушэнні дамоўленасцяў у межах ЕўрАзЭС блакуецца пры пастаўках у Расійскую Федэрацыю? Чаму так адбываецца? І я, і ўсе задаюцца пытаннем. Мы хочам адказу ад уладаў Расіі перш за ўсё. Таму што мы ведаем стаўленне расіян да нас — ад Рамзана Кадырава да любога Пятрова, Сідарава, Іванова. Яны выдатна да нас ставяцца, яны хочуць з намі сябраваць. Гэта родныя„, — заявіў ён.
„Дык чаго ж хочуць улады Расіі ад нас, ад Беларусі? І я Уладзіміру Уладзіміравічу тут (у Сочы. — БелаПАН.) задаў пытанне: мы хочам гэта ведаць. Разумееце, нам трэба глыбока акунуцца ў гэтыя праблемы, сумленна акунуцца, без палітыкі, без прапаганды ўсякай, без наноснага, прыдуманага і абмеркаваць гэтыя пытанні. Бо самы бліжэйшы саюзнік для Расеі сёння Беларусь. Самы блізкі, надзейны саюзнік для Расейскай Федэрацыі — гэта Беларусь. І раптам такія адносіны. І глыбіня іх у тым, што вы сказалі: мы дамаўляемся, а дагаворы не выконваюцца”, — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама лічыць, што Беларусь і Расея з’яўляюцца адзінай прасторай. „Гэта нашы агульныя абшары — ад Брэста да Уладзівастока. І людзі павінны тут сябе адчуваць аднолькава, што ў Брэсце, што ва Уладзівастоку. Гэта нашы абшары”, — заявіў Лукашэнка. БелаПАН