Лукашэнка лічыць неабходным павышаць мабільнасць беларускай арміі
Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным узброіць беларускую армію мабільнымі сродкамі. Пра гэта ён заявіў ў Віцебску падчас наведвання 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады сіл спецыяльных аперацый Узброеных сіл Беларусі.
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, падчас візіту кіраўніку дзяржавы быў прадэманстраваны адзін з узораў такіх машын, што збіраюцца на Менскім заводзе колавых цягачоў з выкарыстаннем расейскіх камплектавальных, і Лукашэнка даручыў максімальна лакалізаваць вытворчасць такой тэхнікі ў Беларусі, звярнуўшы пільную ўвагу на якасць. „Такія машыны нам патрэбныя для павышэння мабільнасці арміі, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – СПА добра, але не дай Бог нас не падстрахуюць са спіны браты і нам давядзецца весці вайну самім”.
Пасля агляду салдацкай сталовай і завяршэння даклада аб арганізацыі харчовага забеспячэння Узброеных сіл і сіл спецыяльных аперацый Лукашэнка пакаштаваў сухія пайкі і кансервы.
Беларускае Радыё Рацыя