Лукашэнка: Літасці карупцыянерам не будзе!



У Беларусі ўдалося дамагчыся  станоўчых зрухаў ў спыненні аднаго з найбольш небяспечных праяў злачыннасці – карупцыі. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з кіроўным складам органаў унутраных спраў, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў і курсантамі факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі. «Не хачу сказаць, што мы вырашылі гэтую праблему. Але вы ведаеце, як мы змагаемся з карупцыянерамі. І тут літасці нікому не будзе! ” – паабяцаў кіраўнік дзяржавы.

Ці насамрэч адбылося паляпшэнне сітуацыі, расказвае эксперт у антыкарупцыйным заканадаўстве Мікіта Бяляеў.

– Калі мы паглядзім, што было зроблена ў сферы барацьбы з карупцыяй, у антыкарупцыйнай палітыцы за апошнія 20 гадоў, то пэўныя станоўчыя зрухі ёсць. Але, калі паглядзець у цэлым, то для барацьбы з карупцыяй неабходны комплексны падыход – гэта і эканамічныя, і сацыяльныя захады, рэформы сістэмы дзяржкіравання, бо на сённяшні дзень існуе шмат перадумоў нават у самім беларускім заканадаўстве, якія садзейнічаюць развіццю гэтай з’явы.

Паводле Мікіты Бяляева, у якасці прыкладу можна прывесці закон аб горадабудаўнічай дзейнасці, які прадугледжвае шмат этапаў узгадненняў і праверак вялікай колькасцю дзяржаўных органаў. Таксама гэта заканадаўства аб кантрольна-надзіральнай дзейнасці. «Той жа указ № 510, які ўтрымлівае больш за 40 дзяржаўных ведамстваў, надзеленых функцыямі кантролю ці надзору. Гэта і сама сітуацыя ў дзяржаўным апараце, калі перакрэшчванне і дубляванне функцый натуральна вядзе да карупцыі», – кажа эксперт.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота gazeta.ru