Лукашэнка ляціць у Аўстрыю з афіцыйным візітам
На 12 лістапада ў Вене запланаваныя перамовы ў вузкім і пашыраным складах з федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам. Кіраўнікі дзяржаў між іншым абмяркуюць гандлёва-эканамічнае, інвестыцыйнае і гуманітарнае супрацоўніцтва. Таксама яны плануюць абмеркаваць сітуацыю ў рэгіёне і свеце, узаемадзеянне Беларусі з Еўразвязам, у тым ліку ў фармаце «Усходняга партнёрства».
Абдымкі і перамовы з еўрапейскімі палітыкамі з Аўстрыі ці іншых краінаў ніякім чынам не паўплываюць на рэальнае палажэнне Беларусі ў Еўразвязе, так кажа палітолаг Павел Усаў.
– Нейкім чынам гэта не паўплывае ніяк на збліжэнне з Еўрапейскім звязам. Бо на сённяшні момант мы бачым толькі дыялог і размову з кіраўніцтвам Беларусі без нейкага паляпшэння ўмоваў для простых грамадзянаў. З іншага боку, мы бачым наколькі інтэнсіўна зараз ідзе працэс інтэграцыйнага ціску з боку Расеі. У практычнай, рэальнай палітыцы гэтыя дыялогі, перамовы, запрашэнні не адбіваюцца на палажэнні нашай краіны.
Палітолаг Павел Усаў звяртае ўвагу, што ў параўнанні з 2014 годам стасункі з Еўразвязам размарожваюцца, пра гэта сведчаць запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі на афіцыйныя мерапрыемствы ў Еўропе, але гэта не вырашае некаторыя пытанні, напрыклад, як змякчэнне візавага рэжыму, паколькі няма палітычнай волі з боку беларускіх уладаў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя