Лукашэнка ляціць у Сербію
Пачатак наступнага тыдня Аляксандр Лукашэнка правядзе ў Сербіі, якую лічыць брацкай краінай.
Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, у Бялградзе Лукашэнка правядзе перамовы з калегам Аляксандрам Вучычам. Чакаецца, што бакі абмяркуюць развіццё палітычнага дыялогу і эканамічнага ўзаемадзеяння паміж краінамі.
«Асаблівую ўвагу прэзідэнты нададуць перспектывам павелічэння таваразвароту, ініцыятывам па стварэнні сумесных вытворчасцяў і запуску ўзаемных інвестыцыйных праектаў», – адзначыла прэс-служба. Па выніках перамоў будуць падпісаны двухбаковыя дакументы.
Праграмай візіту прадугледжана сустрэча Лукашэнкі са спікерам і дэпутатамі Народнай скупшчыны Сербіі.
У гэтыя ж дні ў Бялградзе пройдзе беларуска-сербскі бізнэс-форум, падчас якога чакаецца падпісанне шэрагу камерцыйных кантрактаў і пагадненняў.
Апошні раз прэзідэнты сустракаліся ў Менску 21 чэрвеня. Тады Лукашэнка адзначаў, што палітычныя адносіны дзвюх краін знаходзяцца на самым высокім узроўні, а вось у гандлёва-эканамічных ёсць вялікі патэнцыял.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: БелТА