Лукашэнка: Лёд у дачыненнях з Еўразвязам не растаў



Беларусь паспяхова наладжвае дыялог са сваім другім найбуйнейшым партнёрам — Еўразвязам, але лёд у дачыненнях не растаў. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка на нарадзе з кіраўніцтвам урада і вышэйшых дзяржаўных органаў па пытанні ўдзелу Беларусі ў інтэграцыйных структурах і супрацы з еўрапейскімі арганізацыямі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

„Растуць інвестыцыі, павялічылася дадатнае сальда ў гандлі, развіваюцца кантакты. Мінулы год стаў рэкордным па абёме супрацы з Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця”, — сказаў ён.

У той жа час, адзначыў кіраўнік дзяржавы, складанасці ў адносінах з ЕЗ застаюцца. „Брусель працягнуў дзеянне няхай сімвалічных, але ўсё ж абмежавальных мер. Лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Яны ж не маюць ніякага значэння практычна, акрамя сімвалічнага. „Таргуецца” з намі нават па дробязях ЕЗ, ухіляецца ад размовы пра новае базавае пагадненне, да гэтага часу няма дакладных юрыдычных рамак узаемадзеяння”, — заявіў Лукашэнка.

У той жа час ЕЗ мае такія пагадненні з Расеяй і іншымі постсавецкімі краінамі, дадаў ён. „Дарэчы, Расея вельмі прасунутая ў дачыненнях з Еўразвязам, Амерыкай і НАТА. І мы ж за гэта Расею не папракаем, — заўважыў Лукашэнка. — Мы шукаем у гэтых пагадненнях сваю карысць. Мы не тарпедуем, не перашкаджаем, спрыяем. Думаю, так і Расея павінна рабіць, падтрымліваючы нас. Не на словах, а на справе”.

Ён таксама адзначыў, што ініцыятыва ЕЗ „Усходняе партнёрства” набывае прагматычны характар, у ёй зяўляецца больш цікавых для Беларусі праектаў. „Гэта супраца на Захадзе сёння выклікае нейкую алергію і часам істэрыку ў нашага галоўнага партнёра — Расейскай Федэрацыі (у асобных палітыкаў), — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Узнікае пытанне: навошта гэта істэрыка? Нашу прадукцыю на рынак не пускаюць, нахлебнікамі абзываюць, выштурхваюць, ціснуць, дзе толькі можна. Нам што, схавацца пад плінтус і там сядзець?!”

„Калі перад намі закрываюць дзверы — адны, другія, трэція, — мы шукаем чацвёртыя. Для таго, каб нармальна існавала дзяржава, — падкрэсліў Лукашэнка. — І нават пры гэтым ніхто нас не можа папракнуць, што мы нібыта кудысьці павярнуліся. Нам нікуды не трэба паварочвацца. Мы ў такой сітуацыі, што нам трэба пастаянна круціць галавой, таму што знаходзімся ў эпіцэнтры падзей — у цэнтры Еўропы. І нам трэба жыць, адказваць за 10 мільёнаў чалавек. Навошта нам шукаць шчасце на краі свету, калі б былі нармальныя эканамічныя адносіны з Расеяй, калі б мы маглі (як мы жалезабетонна дамовіліся ў Саюзнай дзяржаве, у ЕАЭС) свабодна гандляваць, перамяшчаць тавары, маглі перамяшчацца людзі, атрымліваць паслугі, нас не абражалі? Навошта нам шукаць нейкае шчасце невядома дзе?”

Найбліжэйшымі задачамі ўзаемадзеяння з ЕЗ кіраўнік дзяржавы назваў падпісанне прыярытэтаў партнёрства, а таксама пагадненняў па рэадмісіі і спрашчэнні візавых працэдур. „Аднак еўрапейцы павінны разумець, што любыя чужыя нашаму народу ідэі і размены на шкоду нацыянальным інтарэсам для нас абсалютна непрымальныя”, — дадаў ён.

БелаПАН