Лукашэнка мае намер правесці нараду па ўдасканаленні судовай сістэмы
Аляксандр Лукашэнка 8 траўня правёў рабочую сустрэчу са старшынём Вярхоўнага суда Валянцінам Сукалам, на якой абмяркоўвалася праца і развіццё судовай сістэмы.
„Напярэдадні такіх сустрэч я ўважліва яшчэ раз вывучаю працу галін улады. Не скажу, што ў мяне нейкія прэтэнзіі ёсць. Тым не менш вы лепш бачыце праблемы, якія існуюць у нашых судах, і тыя задачы, якія трэба вырашаць”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся асабліва значнымі крымінальнымі справамі, па якіх якасць папярэдняга расследавання знаходзілася ў яго на кантролі. „Я хацеў бы пачуць, у якім кірунку вырашаюцца праблемы такіх спраў, каб вы мяне праінфармавалі, у якім стане яны знаходзяцца. Нюансы нейкія заўсёды ёсць. Хацелася б, каб вы мяне праінфармавалі, каб пазбегнуць у будучыні негатыўнай практыкі, асабліва з тымі, хто вядзе даследчую праверку, следства. І сказалі, як вы ўвогуле ацэньваеце асноўных вашых партнёраў па судовых справах — Следчы камітэт, як працуюць у новых умовах МУС, КДБ, пракуратура. Якія ўзаемаадносіны, чаго не хапае, калі такія праблемы ёсць?” — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка таксама пацікавіўся ходам будаўніцтва ў Мінску новага будынка Вярхоўнага суда. „Як яно прасоўваецца цяпер? Паспеем мы да 7 лістапада, як дамаўляліся, увесці ў строй будынак Вярхоўнага суда?” — спытаў афіцыйны лідар.
Па выніках сустрэчы Сукала заявіў журналістам, што Лукашэнка плануе прысвяціць пытанню ўдасканалення судовай сістэмы асобную нараду. „Закраналася пытанне нарады кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі аб`яднанай судовай сістэмы. Цяпер праходзіць праверка. І такая нарада пасля 1 ліпеня адбудзецца — сустрэча прэзідэнта з кіраўніцтвам судоў усіх узроўняў”, — цытуе старшыню Вярхоўнага суда БЕЛТА.
На нарадзе, адзначыў ён, мяркуецца абмеркаваць праблемныя пытанні, удасканаленне судовай сістэмы і якасць правасуддзя. „Там будуць вызначаны тыя задачы, якія нам трэба будзе выканаць па ўдасканаленні і павышэнні эфектыўнасці ўсёй аб`яднанай судовай сістэмы”, — дадаў Сукала.
На сустрэчы з Лукашэнкам, удакладніў ён, таксама абмяркоўвалася якасць папярэдняга расследавання па шэрагу крымінальных спраў, якія знаходзяцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. „Што датычыцца якасці папярэдняга расследавання, заўсёды хацелася б, каб яно было больш дасканалым і лепшым. Але казаць пра нейкія правалы або пралікі ў якасці папярэдняга следства мне сёння не даводзіцца”, — сказаў кіраўнік ВС.
Сукала падкрэсліў, што пасля стварэння Следчага камітэта і канцэнтрацыі ў гэтым ведамстве дзейнасці якасць папярэдняга следства палепшылася і нейкіх вялікіх праблемных пытанняў няма. Акрамя таго, станоўчы ўплыў на сітуацыю ў гэтай сферы аказала стварэнне Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. „Гэтыя два органы, якія былі створаны ў ходзе судова-прававой рэформы, аказалі станоўчае ўздзеянне ў прынцыпе на якасць правасуддзя”, — заявіў старшыня Вярхоўнага суда.
Фота Sputnik Беларусь