Лукашэнка мае намер сёлета наведаць Сербію



Аляксандр Лукашэнка мае намер у 2019 годзе наведаць Сербію, паведаміў пасол Беларусі ў гэтай краіне Валерый Брылёў 30 студзеня ў Менску на сустрэчы з прадстаўнікамі сербскіх дзелавых колаў.

„Запланаваны візіт нашага прэзідэнта ў Сербію. Калі гэты візіт будзе, дакладна пакуль невядома — або сакавік-красавік, або на працягу года”, — сказаў дыпламат.

Паводле слоў Брылёва, адно з асабістых пажаданняў Лукашэнкі — „каб гэта быў візіт пад канкрэтныя праекты і пагадненні, каб і сербы, і беларусы маглі разлічваць на карысць ад гэтага візіту”.

Як паведамлялася раней, прэм’ер-міністр Сербіі Ана Брнабіч 31 кастрычніка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам перадала запрашэнне яго сербскага калегі Аляксандра Вучыча наведаць Бялград.

„Вы бы зрабілі нам вялізны гонар, прыехаўшы ў нашую краіну”, — сказала кіраўнік сербскага ўрада. Пры гэтым яна падкрэсліла, што прэзідэнт Сербіі „ставіцца з асаблівай павагай да Аляксандра Лукашэнкі”.

Аналагічнае запрашэнне прэм’ер-міністр Сербіі перадала і свайму беларускаму калегу Сяргею Румасу.

Брнабіч знаходзілася з аднадзённым візітам у Беларусі з нагоды сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

belapan.by