Лукашэнка: Міліцыю трэба крыху ўзварухнуць у плане дысцыпліны



 „Скажам шчыра, міліцыю трэба крыху ўзварухнуць у плане дысцыпліны”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы 11 чэрвеня новага міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева.

„Ну а для гэтага які патрэбен чалавек — ваенны. Хаця вы адносна ваенны чалавек, вы і міліцыю добра ведаеце. Вы там былі ўнутры, вы бачылі гэтыя праблемы. А наогул, таму, чаго не ведаеце, навучыцеся”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Да прызначэння Караеў працаваў на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі.

Папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч займаў гэтую пасаду з 11 траўня 2012 года. 10 чэрвеня ён падаў Лукашэнку рапарт аб адстаўцы.

„Сёння я звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з рапартам аб адстаўцы, і ён гэтую адстаўку прыняў. Спадзяюся, я змагу яшчэ прынесці карысць нашай дзяржаве на іншай пасадзе або на іншай працы”, — паведаміў Шуневіч журналістам пасля сустрэчы з Лукашэнкам.

Шуневіч таксама зазначыў: „Па-першае, пройдзены вельмі доўгі і складаны шлях працы ў міністэрстве. Шмат што зроблена. І ў нейкі момант я пачаў разумець, што трэба забяспечыць пэўную дынаміку, пераемнасць, хуткасць і эфектыўнасць рашэнняў. Патрэбны свежы погляд на працу міністэрства. Па-другое, думаючы пра сваю эфектыўнасць, лічу, што прыйшоў час змяніць род дзейнасці. Усё-такі дастаткова доўга я знаходжуся на пасадзе міністра. Можа, вока „замылілася”, можа быць, мне сапраўды трэба паспрабаваць нешта іншае. Кіраўнік дзяржавы з гэтай матывацыяй пагадзіўся”.

belapan.by